Традыцыйна ў Дзень тэатра ў Мінску праходзіць міжнародны дзіцячы форум "Крокі"

27 марта 2019

Сёння - Сусветны дзень тэатра. Традыцыйна з гэтай нагоды ў Мінску праходзіць міжнародны дзіцячы форум "Крокі". Гэты год - юбілейны для фестывалю, сёлета да яго далучыліся тэатральныя калектывы з Расіі, Літвы, Украіны, Польшчы, Эстоніі, Латвіі і Славакіі - усяго больш за 200 удзельнікаў. 

На сцэне гарадскога Палаца культуры юныя тэатралы паказваюць сучасныя драматычныя пастаноўкі і містычныя гісторыі. У кулуары форуму зазірнула Наталля Кузьміцкая.

Дзіцячая тэатральная студыя са славацкага горада Ж’яр-над-Гронам прэзентавала на «Кроках» часам мінорную, але даволі жыццесцвярджальную пастаноўку «Сум па Джону Ленану». Маленькія артысты даведаліся пра гісторыю заснавальніка сусветна вядомых “бітлоў” толькі падчас работы над матэрыялам, аднак удала адлюстравалі сэнс яго песень, якімі прасякнута іх пастаноўка.

Фестывальныя дні вельмі насычаныя. Дзякуючы новай пляцоўцы,   а гарадскі Палац культуры мае адразу дзве залы,   спектаклі ідуць нон-стоп. 

Менавіта драматычны кірунак сёлета пераважае ў рэпертуарнай палітры форуму. Паказаць жыццё асветніцы, полацкай княгіні Еўфрасінні Полацкай, не як святой, а звычайнай жанчыны з пачуццямі і сумненнямі,  спрабавалі выхаванцы сталічнай дзіцячай школы мастацтваў. 

Ніводны спектакль форуму не пакінуў гледачоў абыякавымі. Нягледзячы на розныя формы апавядання і мову,  кожны тэатральны калектыў выконваў сваю конкурсную работу на роднай - атрымаць асалоду ад тэатральнага дзеяння і зразумець сэнс было не складана. 

Уладальнік Гран-пры форуму «Крокі » стане вядомы ўжо заўтра. Таксама прафесійнае журы, а гэта дзеячы культуры і мастацтва Беларусі, вызначыць пераможцаў у разнастайных намінацыях: ацэняць гульню акцёраў, сцэнаграфію, музычнае афармленне пастаноўкі, працу рэжысёра.