Традыцыі святкавання каталіцкага Раства

26 декабря 2015

На тыдні вернікі сустрэлі адно з галоўных хрысціянскіх свят. Ва ўсіх касцёлах прайшлі ўрачыстыя богаслужэнні. Яшчэ некалькі дзён у прыходах будуць ладзіць батлейкі – спектаклі на біблейскія тэмы.

Наш карэспандэнт Аляксандра Драгун далучылася да святкаванняў. З дзіцячай шчырасцю маленькія вернікі калядкамі славяць нованароджанага Ісуса. Радуюцца ўсе католікі – пачаўся святочны час, прысвечаны ўрачыстасці Нараджэння Хрыстовага.

Адвент папярэднічае Божаму нараджэнню. Гэта час духоўнай падрыхтоўкі – споведзі, малітвы і адмысловых ранішніх набажэнстваў. На рараты вернікі збіраліся на працягу месяца.

Аб надыходзе аднаго з галоўных хрысціянскіх свят нагадвае ззянне свечак на адвентавым вянку. Чацвёртая запальваецца напярэдадні Божага нараджэння.

Дзяленне аплаткі - яшчэ адна калядная традыцыя. З пажаданнямі белы хлеб раздаюць за вігілійным сталом ці падчас супольных урачыстасцяў Божага нараджэння. Гэты звычай сімвалізуе адзінства і згоду паміж вернікамі.

Адзін з галоўных сімвалаў Раства – стаенка з фігуркамі святой сям’і, трох каралёў і пастушкоў, якія першымі прывіталі народжанага Збавіцеля. Згодна з біблейскім паданнем, яслі з сенам сталі першай калыскай для немаўляці Ісуса. Такія батлейкі ўпрыгожваюць не толькі касцёлы. Напярэдадні Божага нараджэння міні-копіі ствараюць вернікі ў сваіх кватэрах.

Не старажытны Віфлеем – сучасны мегаполіс з чыгункай, магазінамі, жылымі шматпавярхоўкамі і гараджанамі. У касцёле Святога Роха, што ў Мінску, не проста біблейская інсцэніроўка нараджэння Хрыста - інтэрактыўная стаенка. У сучаснага праекта тэалагічны сэнс -

знайсці ў сэрцы месца для Хрыста сёння.

У парафіі стала добрай традыцыяй рыхтавацца да Раства разам. Каб не парушыць час цішыні і малітоўнай падрыхтоўкі да Божага нараджэння, за некалькі дзён пачынаюць упрыгожваць святыні ёлкамі, іглічнымі вянкамі і гірляндамі.

Ілюмінацыя і аздабленне надаюць святу Божага нараджэння асаблівую ўрачыстую і чароўную атмасферу. Гледзячы на маленькага Хрыста ў стаенцы, сэрцы людзей напаўняюцца любоўю і верай.