Урачыстасці ў гонар 85-годдзя галоўнай акадэмічнай сцэны краіны

25 мая 2018

Касцюміраваны баль, закулісная экскурсія па таемных месцах галоўнай акадэмічнай сцэны і цэлая серыя майстар-класаў. Сёння Вялікаму тэатру Беларусі - 85!

Святкаванні ў гонар галоўнага тэатра краіны стартавалі яшчэ раніцай. Усяго ж дзень адчыненых дзвярэй сабраў 4 тысячы наведвальнікаў. Гледачам прапаноўвалі пераўвасобіцца ў персанажаў репертуарных спектакляў і пазнаёміцца з тэатральнай кухняй, пагутарыўшы з майстрамі бутафорскага цэха. Не абышлося і без экскурсу ў гісторыю: архівісты прадэманстравалі гледачам фотадакументы і тэатральныя афішы мінулых гадоў. За час свайго існавання тэатр ажыццявіў 372 прэм'еры, прычым большасць спектакляў удастоена дзяржаўных узнагарод.

Тэатралы адсвяткуюць свой юбілей на сцэне і вернуцца да вытокаў: сёння дадуць культавую "Кармэн". Менавіта з гэтай оперы сваю гісторыю пачаў тэатр. Павіншаваць Вялікі завітае французская дзіва, салістка опернай трупы Вялікага тэатра Жэневы Аліма Мамдзі.