Тканыя шэдэўры беларускай культуры

18 августа 2014

Восем кунтушовых паясоў Рэчы Паспалітай, Францыі і Расійскай імперыі прэзентавалі ў Мінску. Такі старадаўні элемент мужчынскага касцюма з'яўляецца нацыянальнай рэліквіяй. Гэтая ўнікальная калекцыя прыватная і ўпершыню выстаўляецца разам з касцюмам.


Як выглядаюць экспанаты і ці ёсць падабенства з легендарнымі слуцкімі паясамі, даведвалася Іна Пілевіч.


Фірменная метка Слуцк на лацініцы, характэрны для нашай мануфактуры арнамент. Але гэты экспанат не арыгінал, а імітацыя слуцкага пояса. Па дапамогу ў экспертным заключэнні беларускія навукоўцы нават звярталіся да польскіх калег. Вердыкт - кунтушовы пояс, выраблены на ліёнскай мануфактуры. Рэч у тым, што слуцкія ткачы проста не паспявалі выканаць такі аб'ём заказаў, і магнаты Рэчы Паспалітай былі вымушаныя звярнуцца да французскіх майстроў.


Алена Карпенка, загадчык аддзела старажытнабеларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея: Слуцкая мануфактура была першай, дзе пачалі вырабляць незвычайныя, вельмі арыгінальныя, з нацыянальным арнаментам кунтушовыя паясы. Яна была заснаваная ў сярэдзіне XVIII стагоддзя спачатку ў Нясвіжы, потым у Слуцку. І калі пачалі адкрываць іншыя мануфактуры, гэта ўжо было падабенства слуцкіх.


Восем тканых шэдэўраў - гэта сямейная рэліквія. Дасталіся ад дзядулі мінчаніну, які пажадаў застацца інкогніта. Прыватны калекцыянер праверыў паясы на сапраўднасць у Нацыянальным мастацкім музеі, а затым прапанаваў выставіць. Толькі адзін з экспанатаў належыць легендарнай слуцкай мануфактуры. Астатнія сатканыя на манер нашых у Кракаве, Ліёне, Маскве. Датуюцца другой паловай XVIII - пачаткам XIX стагоддзяў.


У даўжыню локцяў восем, у шырыню адзін. Такі сярэдні памер кунтушовага пояса. Каб надзець яго, у доме шляхціца над дзвярамі ўбівалі цвік. На яго арыстакрат накідваў адзін канец пояса, а другім абкручваўся.


Назва кунтушовы паходзіць ад назвы мужчынскага касцюма, на які пояс павязвалі. Традыцыйнае адзенне шляхты ў залах Нацыянальнага мастацкага музея сёння дэманструецца ўпершыню. Кунтуш і жупан таксама з прыватнага збору і напярэдадні вернісажу прайшлі рэстаўрацыю. Дарэчы, пояс не столькі дэкарыраваў касцюм, колькі паказваў высакароднасць паходжання і заможнасць уладальніка.


Надзея Усава, намеснік генеральнага дырэктара па навуковай рабоце Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь: Гэта вельмі рэдкія экспанаты, вельмі цікавыя, крохкія, таму спецыяльна для іх прадугледжана абсталяванне, якое засцерагае іх ад разнастайных неспрыяльных умоў.


Нацыянальная рэліквія ў выставачных залах толькі на тры месяцы. На сёння ў архівах Мастацкага музея не захавалася ніводнага цэлага слуцкага пояса, ёсць толькі два фрагменты. Супрацоўнікі ўжо вядуць перамовы з калекцыянерам наконт набыцця некалькіх экспанатаў.