"Тэлевяршыня" сабрала тэлеэліту з усёй краіны

22 мая 2015

Напярэдадні ў сталічным Палацы спорту падвялі вынікі тэлегода. Традыцыйная цырымонія "Тэлевяршыня" збірае тэлеэліту з усёй краіны. Сёлета прафесійнае журы адглядзела больш як 250 прапанаваных работ. Хэдлайнерамі сталі арганізатары тэлепрэміі - Белтэлерадыёкампанія. Усяго каманда медыяхолдынга атрымала 11 статуэтак плюс Гран-пры конкурсу. Акрамя таго, спецпрызы дасталіся студэнтам Інстытута журналістыкі БДУ і Акадэміі мастацтваў за першыя паспяховыя крокі ў тэлежурналістыцы. Прызёрам стаў і тэлепраект "Хвіліна маўчання" да 70-годдзя Вялікай Перамогі.

Самыя яркія моманты 11-й цырымоніі ўручэння тэлеўзнагарод - у рэпартажы Ніны Мажэйкі. Той рэдкі момант у прафесійным жыцці тэлежурналістаў, калі дамы выбіралі шпількі вышэй, а мужчыны эксперыментавалі з гальштукамі і бабачкамі. Такія мерапрыемствы не проста падвядзенне вынікаў тэлегода, а магчымасць убачыцца з калегамі не праз тэлеэкран, а ў рэальным жыцці.

11-я цырымонія пачалася з дэфіле прадстаўнікоў рэспубліканскіх і рэгіянальных тэлекампаній па чырвонай дарожцы. Дэлегацыя Белтэлерадыёкампаніі самая вялікая - найбуйнейшы медыяхолдынг краіны ўключае 6 тэле- і 5 радыёканалаў, а таксама абласныя студыі.

Штогод Белтэлерадыёкампанія не здае сваіх пазіцый. Квота медыяхолдынга за ўсю гісторыю ўдзелу ў тэлевізійнай прэміі - 180 цяжкавагавых статуэтак.

Учора да гэтай лічбы дадаліся яшчэ 11. Агенцтва тэленавін заваявала статуэткі адразу ў некалькіх намінацыях з 25-ці. Хэдлайнерамі сталі праграмы "Панарама" і "Галоўны эфір".

Адразу пасля ўручэння лаўрэаты ішлі на бэкстэйдж - пазіравалі са статуэткай і распісваліся на планшэце з аргшкла. Такі аўтограф на памяць атрымае кожны з тэлегледачоў.

Яшчэ адна работа, якая стала лаўрэатам, - аўтарскі цыкл Алега Лукашэвіча "Мастакі Парыжскай школы. Выхадцы Беларусі". Фільм-біяграфію Хаіма Суціна паказалі на першай кнопцы ў мінулым тэлесезоне.

Статуэткай адзначылі і плюшавых Топу з Янай. Героі папулярнай "Калыханкі" з'яўляюцца і ў ранішняй праграме на канале "Беларусь 3" - "Дабраранак". Прэмію за "Лепшую праграму для дзяцей і юнацтва" атрымлівалі ўсёй камандай.

А гэтая дэлегацыя вылучалася ў глядзельнай зале. Афіцэры з "Ваен-ТБ" прыехалі на цырымонію ў форме і з медалямі. Прыз за "Лепшы дакументальны фільм" і за "Лепшую аператарскую работу" тэлекампанія атрымала ў капрадукцыі з медыяхолдынгам. 6 серыя "Кроў для Вермахта" адна з цэнтральных у ваенным цыкле "Выпрабаванне".

Лаўрэатамі сталі і рэгіянальныя тэлекампаніі. Калектыў ТРК "Магілёў" атрымаў адразу дзве "Тэлевяршыні" за інфармацыйную праграму "Днямі", а таксама тэматычную "У горадзе Бабруйску". Дарэчы, "абласнікі" сёлета выйшлі на новы ўзровень канкурэнтнай барацьбы: акрамя сваіх намінацый спаборнічалі і са сталічнымі "тытанамі".

Галоўную ўзнагароду - Гран-пры конкурсу за асвятленне чэмпіянату свету па хакеі атрымала каманда Белтэлерадыёкампаніі. На сцэну Палаца спорту не раз паднімаліся і калегі па цэху з іншых тэлеканалаў. У АНТ - 4 статуэткі, каманда СТБ павезла з цырымоніі 3. Фінальным акордам 11-й цырымоніі стала выступленне зводнага хору - тэлевядучыя праспявалі групавы хіт.

Публіка не скупілася на авацыі і нават выкрыквала словы падтрымкі. Бо ў такія моманты тэлежурналісты становяцца адным вялікім тэлебачаннем.

Тэлеверсію 11-й цырымоніі ўручэння прэміі "Тэлевяршыня" глядзіце сёння, адразу пасля інфармацыйнага канала "Панарама".