Тэлеаператар Белтэлерадыёкампаніі Вячаслаў Дамуць прэзентаваў сваю фотавыставу

17 февраля 2015

У Агенцтве тэленавін ён працуе над брэндавымі праектамі Белтэлерадыёкампаніі "Клуб рэдактараў" і "Форум", а ў вольны ад працы час стварае фотапейзажы. Прыгажосць і загадка прыродыгалоўная любоў тэлеаператара Вячаслава Дамуця. Сваю выставу ён прэзентаваў у галерэі галоўнага медыяхолдынга краіны.

Больш за дзесяць гадоў на тэлебачанні і амаль усё жыццё – у фатаграфіі. Першым набыткам яшчэ школьніка Вячаслава Дамуця быў фотаапарат, які ён купіў за назбіраныя грошы. І нават у мастацкую акадэмію юнак паступаў на аператарскае аддзяленне, толькі каб навучыцца прафесійна здымаць фота.

Ён за тое, каб калегі-аператары дэманстравалі свае таленты па-за эфірам. Сам Дамуць  не ўпершыню выстаўляецца з фота. Падборкі тэматычныя, заўсёды разнапланавыя, але ўсе – пра прыроду. Любоў да натуральнага, жывога кадра, створанага навакольным светам, аператар перадае і ў прафесійным жыцці – доўгі час працаваў у групе “Тэлебарометра”, сёння паспявае здымаць “Навіны надвор’я”.

Выстава, якую Дамуць зараз прэзентуе ў тэлевізійнай галерэі, - марская. Амаль два дзясяткі пейзажаў і прыгажосць, якую фотамастак убачыў не толькі з берага, але і з бязмежных прастораў акіяна.

Усяго ў Вячаслава Дамуця каля тысячы марскіх пейзажаў. Водная стыхія – галоўнае натхненне фотамастака. Захапленне прыйшло напрыканцы 90-х, калі яшчэ радыёаператар Дамуць разам з рыбалоўнымі караблямі хадзіў на паўгода ў адкрытае мора. Праплыў амаль увесь Ціхі акіян, даходзіў да Камчаткі, Аляскі і Новай Зеландыі. Некалькі разоў перасякаў экватар. Выстава адкрывае сапраўды невядомыя і нават экзатычныя старонкі біяграфіі нашага калегі.