Тэхналогіі сканіравання музейных экспанатаў дазваляюць стварыць іх аб'ёмныя мадэлі

16 февраля 2019

Удзельнікі і госці будучага спартыўнага форуму змогуць ацаніць і беларускую культурна- гістарычную спадчыну. А яшчэ набыць сувенірную прадукцыю, якая будзе дакладнай копіяй артэфактаў. Тэхналогіі сканіравання музейных экспанатаў   дазваляюць стварыць іх аб'ёмныя мадэлі. Першымі пад прыцэл 3D-сканара ўлетку мінулага года патрапілі дзве гарматы з арсенала Радзівілаў. Аб працэсе стварэння каштоўных копій - Алена Борматава.

Два экзэмпляры гарматы "Вінаград". Мастацкія копіі ў мініяцюры. Яны ў разоў трыццаць меншыя за арыгінал. І дакладна яго паўтараюць. Улічаныя нават нюансы: на лафетах 200 міні-цвікоў. Такая ж колькасць і ў тых, якія былі вырабленыя ў XVI стагоддзі.

Самі гарматы выкананыя з бронзы. Лафет - з дрэва. Гэта праца ювеліра. Што прывяло да падаражэння праекта. Прыблізны сабекошт сувеніра - паўтары тысячы рублёў. Гэта не серыйная вытворчасць, а эксклюзіўная прадукцыя. На сёння ёсць толькі два экзэмпляры.

У арсенале Нясвіжскага музея былі адсканіраваныя дзве гарматы. Акрамя "Вінаграда" яшчэ адна парадная гармата пад назвай "Цэрбер". Яны былі адлітыя ў нясвіжскай майстэрні саксонскім майстрам. На кожнай - геральдыка сям'і Радзівілаў. Гэта быў першы вопыт працы 3D-сканара ў музейных зборах Беларусі. Сёння матрыцы гармат - у фондах Нясвіжа. Таксама атрыманыя мадэлі - у рабоце скульптурнай майстэрні. Зараз займаюцца вырабам мініяцюры "Цэрбера".

Першы вопыт вырабу скульптур са сканіраваных экспанатаў стаў падставай для прасоўвання праекта па вяртанні культурных каштоўнасцяў. Зараз ідуць перамовы з музеямі некалькіх краін, дзе захоўваюцца радзівілаўскія гарматы. Такім чынам стане магчымым вярнуць у Беларусь нашу нацыянальную спадчыну ў выглядзе мастацкіх копій.