Беларускі рэспубліканскі тэатр юнага гледача адзначае 60-гадовы юбілей

8 апреля 2016

Тэатр для самых маленькіх адзначае зусім не маленькі юбілей. 60 гадоў святкуе Тэатр юнага гледача. З юбілеем калектыў павіншаваў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Зусім нядаўна трупа пераехала ў родныя сцены пасля пяцігадовай рэканструкцыі і ўжо выпусціла некалькі прэм'ер.

Расказвае Вольга Мядзведзь.

Мала каму вядома, што ўжо дарослы тэатр для самых маленькіх мог адсвяткаваць сёлета 85 гадоў. Трупа Тэатра юнага гледача была сфарміраваная яшчэ ў 1931 годзе, карысталася вялікай папулярнасцю на постсавецкай прасторы і ўваходзіла ў дзясятку лепшых тэатраў. Існаванне Тэатра юнага гледача было перарвана вайной, але акцёры падпольна давалі спектаклі аж да новага афіцыйнага адкрыцця.

Гісторыя новага Тэатра юнага гледача пачалася з ініцыятывы рэжысёра і выкладчыка тады яшчэ Тэатральна-мастацкага інстытута Любові Мазалеўскай. Першая трупа - выпускнікі акцёрскага курсу ў складзе 20 чалавек. Прэм'ера рэпертуара была досыць сціплай. Паказалі толькі эскізы, сцэны з трох спектакляў: "Як гартавалася сталь", "Горад майстроў" і "Каханне Ані Бярозкі". Сцэна Тэатра юнага гледача стала наватарскай - дарогу далі маладым драматургам. Адзін са спектакляў-эксперыментаў "Кветка папараці" паводле п'есы, напісанай спецыяльна для тэатра, меў вялікі поспех. 60 гадоў таму Барыс Барысёнак, які толькі прыйшоў у тэатр, быў адным з выканаўцаў пастаноўкі.

Для дзяцей нароўні з казачнымі гісторыямі ставілі Маякоўскага, Талстога, Валодзіна. Зараз у рэпертуары тэатра звыш 20 спектакляў. Акрамя дзіцячых казак, пастаноўкі для дарослых, дзе ўзроставае абмежаванне 14+ і 16+. Гэта ўвасобленая на сцэне драматургія беларускіх класікаў: "Новая зямля" Якуба Коласа, "Зацюканы апостал" Андрэя Макаёнка і прэм'ернае "Дзiкае паляванне караля Стаха" Уладзіміра Караткевіча.

Пасля пяцігадовай рэканструкцыі гістарычны выгляд будынка тэатра амаль не кранулі, а вось абсталяванне замянілі цалкам. Светлавое і музычнае абсталяванне - міжнароднага класа, сцэна, з падмурка якой можна з'яўляцца ў спектаклі. Для лепшай акустыкі вырашылі і ад балконаў адмовіцца. Адкрывалі тэатр прэм'ерай "Сіняя птушка" паводле Метэрлінка - у пастаноўцы задзейнічаная ўся трупа. А закрываць юбілейны сезон будзе "Кошкін дом", які самы маленькі глядач убачыць праз месяц.