Драматычныя і пластычныя эксперыменты - фестываль сцэнічнага майстэрства распачаўся ў сталіцы. “Тэатральны куфар” 12-ы раз аб’ядноўвае аматарскія і прафесійныя калектывы, столькі ж і краін-удзельніц. Монаспектаклі, інсталяцыі, майстар-класы і творчыя лабараторыі - на працягу тыдня праграма форуму будзе насычанай. На адкрыцці міжнароднага тэатральнага фэста пабывала Юлія Токар.
Пластычны віцебскі тэатр “Кола” з першых імгненняў зачароўвае гледачоў інтэрактывам. Шаснаццаць хадулістаў, а дарэчы, спектакль быў падрыхтаваны спецыяльна да Другога вулічнага фэсту, дапаўняюць галоўную ідэю пастаноўкі.
Дванаццаты раз “Тэатральны куфар” аб’ядноўвае на сваёй пляцоўцы аматарскія і прафесійныя калектывы. І пацвярджае ўзровень міжнароднага моладзевага фестывалю. Беларусь, Бельгія, Вялікабрытанія, Грузія, Літва.
Падчас тэатральнага форуму пройдуць дыскусійны клуб, майстар-класы, монаспектаклі, перформансы, інсталяцыі і эксперыментальныя інтэрпрэтацыі паводле Шэкспіра, Гогаля, Бродскага.
Акрамя таго, адкрылася выстава чатырох мастакоў. Асноўная тэма экспазіцыі і фестывалю ўвогуле - самаідэнтыфікацыя. Тут творчая і ініцыятыўная моладзь шукае сябе і стварае новыя мастацкія формы. Вынікі эксперыментаў падвядуць пятага снежня падчас закрыцця фэсту.













