Тэатр юнага гледача адкрываецца сёння пасля рэканструкцыі

1 июня 2015

Сёння свята ў гонар Міжнароднага дня абароны дзяцей пройдзе па ўсёй Беларусі. Запланаваныя шматлікія акцыі, канцэрты і фестывалі. А ў Тэатры юнага гледача ў Мінску адбудзецца цырымонія ўручэння нагрудных знакаў лаўрэатам cпецфондаў Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай і навучэнскай моладзі - пераможцам міжнародных алімпіяд, творчых конкурсаў і фестываляў. Абодва фонды існуюць з 1996 года. За гэты час у краіне сфарміраваўся багаты банк даных адораных маладых людзей. Лёс кожнага лаўрэата адсочваецца дзяржавай і аказваецца падтрымка ў выбары рабочага месца, у вырашэнні жыллёвых праблем.

Са сродкаў фонду выплачваюцца стыпендыі, гранты і прэміі, аказваецца матэрыяльная дапамога на аплату стажыровак.

Афіцыйная частка пачнецца з адкрыцця легендарнага ТЮГа пасля пяцігадовай рэканструкцыі.

Спектакль адкрыцця - "Сіняя птушка" паводле п'есы французскага драматурга Марыса Метэрлінка. Упершыню на тэатральную сцэну твор вывеў сам Станіслаўскі. У сучасным варыянце героі загавораць на беларускай мове.