Тэатр-студыя кінаакцёра рыхтуе прэм'еру

18 апреля 2017

Народны артыст Беларусі, мастацкі кіраўнік калектыву Аляксандр Яфрэмаў ставіць класіку - "Ваўкі і авечкі" - легендарнага драматурга Аляксандра Астроўскага. Сёння адбудзецца генеральная здача, а ўжо заўтра - першы паказ. З рэпетыцыі Вольга Мядзведзь.

Залаты век зноў і зноў праганяюць на сцэне Тэатра-студыі кінаакцёра. Апошнія дні перад прэм'ерай трупа жыве ў рэжыме нон-стоп. Рэпеціруюць з раніцы да вечара. У тэатры нават спынілі паказ рэпертуару больш чым на тыдзень. «Ваўкі і авечкі» іграюць як перад гледачом: цалкам, з поўнымі дэкарацыямі і касцюмамі.

Бакенбарды, элегантныя локаны, жаночыя ўборы з турнюрамі і накрухмаленымі спадніцамі. Усё гэта ў прэм'ернай пастаноўцы адсылае ў ХІХ стагоддзе. Менавіта тады адбыўся першы выхад п'есы на сцэну, яшчэ пры жыцці самога Астроўскага. На кіношнай пляцоўцы Тэатра-студыі кінаакцёра "Ваўкі і авечкі" ўпершыню. Спецыяльна да спектакля былі створаны тэматычныя песні. Музыку напісаў Леанід Шырын, а аўтар вершаў - Алена Турава. Давалася легендарная класіка нялёгка: рэпеціраваць пачалі за некалькі месяцаў да прэм'еры.

Сюжэт разгортваецца ў невялікім рускім губернскім горадзе ў 1870-я гады. Багатая ўдава Купавіна марыць пра шчасце і каханне. Шмат каму з суседзяў не даюць спакою яе зберажэнні. Зайздросная памешчыца Мурзавецкая спрабуе заваяваць уласнасць заможнай жанчыны. Хто пераможа ў барацьбе за багацце, раскажа фінал прэм'ернай пастаноўкі.

Дапамагае ў прэм'еры майстрам сцэны юнае пакаленне. З вядучымі артыстамі ў спектаклі іграюць студэнты Акадэміі мастацтваў, першакурснікі тэатральнага факультэта. Пакуль толькі ў масоўцы. Усяго ж у спектаклі 12 дзеючых герояў. У "Ваўках і авечках" задзейнічана больш за палову трупы. Камедыя паводле аднайменнай п'есы Астроўскага стане апошняй прэм'ерай гэтага юбілейнага, 35 сезона.