Тэатр імя Я.Купалы дае прэм'еру паводле п'есы сусветнага класіка Мікалая Гогаля "Рэвізор"

27 января 2018

Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я.Купалы сёння і заўтра ўвечар дае прэм'еру паводле п'есы сусветнага класіка Мікалая Гогаля "Рэвізор". Вядомы сцэнарый па-новаму прадстаўлены ў афішы і з узроставым абмежаваннем 16+. На генеральнай рэпетыцыі пабывала Вольга Мядзведзь.

Другі прыезд "Рэвізора" ў Купалаўскі. Гогалеўскі твор ужо жыў на гэтых падмостках у 1982 годзе. Для сучаснай пастаноўкі час дзеяння перанеслі з 19 стагоддзя ў 20-е. Таксама менавіта для тэатра імя Янкі Купалы зрабілі новы пераклад класічнага тэксту.

Упершыню на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага і ў гісторыі гэтай п'есы героі размаўляюць на дыялекце. Звязана гэта з тым, што ўсіх персанажаў "Рэвізорнай" трагікамедыі перамясцілі ў беларускую глыбінку, дзе сабраны ўсе гаворкі. За пастаноўку рэпертуарнай навінкі мастацкі кіраўнік тэатра Мікалай Пінігін узяўся адразу з адкрыццём 98 сезона (у пачатку верасня). Да прэм'ернага выхаду не раз правяралі спектакль на гледачах, арганізоўвалі закрытыя публічныя рэпетыцыі.

Беларускі "Рэвізор" у эскізах літоўскага мастака, дзякуючы чаму ў прэм'еры міжнародная пастановачная група. Мастак Марыус Яцоўскіс ужо знаёмы ў Купалаўскім па афармленні Чэхаўскай "Чайкі". У адрозненне ад папярэдняй пастаноўкі, "Рэвізор" без тэхнічных ноу-хау ў традыцыйных дэкарацыях.

Ад сваіх рэпертуарных калег спектакль адрозніваецца і тым, што ў "Рэвізоры" задзейнічаны практычна ўвесь мужчынскі склад трупы. Астатнія рыхтуюць яшчэ адну навінку, праўда, на камернай сцэне. Прэм'ерай лютага стане "Зямля Эльзы" ў жанры "жыццё" ад рэжысёра Алены Ганум. Усяго ж да канца сезона тэатр плануе дапоўніць афішу яшчэ чатырма пастаноўкамі.