Таямніцы Нясвіжскай крыпты

13 августа 2017

Касцёл Божага цела ў Нясвіжы, уключаны ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, зараз у працэсе рэстаўрацыі. Пакуль сродкі на аднаўленне святыні вылучаюцца з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў. Але ёсць магчымасць вылучэння сродкаў Еўрасаюзам. Паўтара мільёна еўра плануецца накіраваць на рэстаўрацыю аднаго з найбуйнейшых у Еўропе родавых магільных скляпоў. Даследчыя работы ўжо пачаліся.

Таксама пададзена заяўка на атрыманне еўрапейскага гранта па праграме трансмежнага супрацоўніцтва. Гэта двухбаковы беларуска-літоўскі праект. І ў заяўцы - два бенефіцыяры. З нашага боку - гэта аддзел ідэалагічнай работы, культуры, па справах моладзі Нясвіжскага райвыканкама - уласнік. Менавіта яму па дакументах належыць касцёл. З іншага боку - музей з літоўскага горада Кедайняй. Канчатковае рашэнне Еўракамісіі яшчэ не прынята. Аб варыянтах аднавіць святыню распавядзе Алена Борматава.

Пад алтаром Святога Крыжа з белага, чорнага і ружовага мармуру - прыступкі ў крыпту. Сярод дынастычных пахаванняў Еўропы, магільны склеп у Нясвіжскім касцёле з'яўляецца трэцяй па колькасці пахаванняў. Пасля крыпты Габсбургаў у Вене, і Бурбонаў у прадмесці Парыжа. Сёння ў нясвіжскай крыпце знаходзіцца 70 саркафагаў, у 69-ці з якіх – астанкі Радзівілаў. Адзін саркафаг рытуальны. Ён не мае змесціва. Калі яшчэ зусім нядаўна даследчыкі з дакладнасцю гаварылі, што з сямі дзясяткаў пахаванняў ідэнтыфікаваныя 38, то сёння гэтая лічба ставіцца пад сумненне. Толькі некаторыя з пахаванняў не выклікаюць дыскусій навукоўцаў. Дакладна вядома, дзе знакаміты Пане Каханку.

Справа ў тым, што атрыбуцыя праходзіла, абапіраючыся на табліцы з інскрыпцыямі ў сцяне і тэкставую інфармацыю на саміх саркафагах. Але пасля леташняга даследавання, якое сумесна праводзілі спецыялісты з Беларусі і Літвы, усё ўстала з ног на галаву.

Першае, што зрынула ў шок і стала адкрыццём, - у крыпце выявілі пахаванне, цалкам выкананае па егіпецкай тэхналогіі - з сэрцам і бандажамі з бінтоў.

Камісіяй была ўскрыта труна з самай ранняй даціроўкай - 1596 года. Гэта год смерці жонкі Радзівіла Сіроткі – Эльжбэты Яфіміі. Але тут і пачынаецца самае цікавае.

Трэба дадаткова праводзіць экспертызу ДНК, якая і выявіць мужчынскія альбо жаночыя маркеры. Але навукоўцы мяркуюць, што тут, магчыма сам Сіротка. Заснавальнік крыпты. Бо пытанне аб тым, у якім з саркафагаў яго астанкі, сёння застаецца адкрытым. Аб гэтым гавораць пасля ўскрыцця труны, якую некалькі стагоддзяў лічылі пахаваннем Сіроткі. Хто ж знаходзіцца там, навукоўцам маецца высветліць. Міжнародная камісія экспертаў пачала праект па абследаванні гэтага аб'екта Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА яшчэ летась. Тады ж паступіў першы транш гранта - 10 тысяч еўра.

Прыкладна праз месяц у Нясвіж чакаецца чарговы прыезд міжнародных экспертаў. Вывучэнне стану крыпты - не просты і даволі працяглы працэс, які складаецца з некалькіх этапаў. Падчас наступнага візіту, сумесна навукоўцы Беларусі і Літвы зробяць упор на антрапалагічныя даследаванні. Паколькі даўно наспела неабходнасць разгадаць таямніцы радзівілаўскіх пахаванняў.

Пасля працы камісіі стала ясна, што правяраць прыйдзецца кожны з саркафагаў. Бо табліцы з імёнамі пахаваных прадстаўнікоў роду Радзівілаў пераблытаныя і не адпавядаюць месцазнаходжанню саміх саркафагаў. На шматлікіх з магільняў інфармацыя і ўвогуле адсутнічае.

Таксама ёсць выпадкі двайнога пахавання, калі ў адной труне – астанкі дваіх людзей. Праца ў крыпце патрабуе спецыфічнага падыходу. І справа не толькі ў тым, што гэта адзін з помнікаў Сусветнай спадчыны. Размова ў першую чаргу ідзе аб бяспецы даследчыкаў.

Варта адзначыць, што ў крыпце працавалі розныя камісіі. Адна, па просьбе Радзівілаў, у пачатку 20 стагоддзя. Другая, якая выклікае найбольшую цікавасць даследчыкаў, у сярэдзіне мінулага стагоддзя.

Другая камісія была сакрэтная па сваіх мэтах і задачах. Сакрэтнасць першым чынам была звязаная з часам працы гэтай групы людзей. Гэта быў канец сакавіка - пачатак красавіка 1953 года. Камісія складалася ўсяго з чатырох чалавек - дваіх прадстаўнікоў Маўзалею і дваіх супрацоўнікаў інстытута мікрабіялогіі. Задача, якая перад імі ставілася, - усталяваць склад, які выкарыстоўваўся пры бальзамаванні прадстаўнікоў старажытнага роду Радзівілаў.

Для гэтага на экспертызу браліся ўзоры валасоў, скуры мумій і частка адзення. Так званая, паходная лабараторыя, была разгорнута прама ў крыпце. Пасля працы камісіі, узятыя ўзоры павезлі ў інстытут мікрабіялогіі і па выніках даследаванняў, на іх быў накладзены грыф "сакрэтна". Выявілі парадку 80 працэнтаў саркафагаў.

Саркафагі ніхто на месцы не расстаўляў. Гэтым пазней займаліся служачыя і прыхаджане касцёла. Менавіта гэтая камісія спарадзіла той хаос у крыпце, які мы маем на дадзены момант.

Даследаванні мінулага года - гэта першая частка маштабнай навуковай праграмы. Другая грунтуецца на выніках леташняй. Менавіта па заключэннях экспертаў і будуць праводзіць аднаўленчыя працы ў крыпце.

На гэтыя мэты сёлета вылучана 600 тысяч беларускіх рублёў з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў у роўных долях. Гэтак жа пададзена заяўка на ўдзел у еўрапейскай праграме трансмежнага супрацоўніцтва, каб атрымаць грант Еўрасаюза. Сума, на якую можна разлічваць, да паўтара мільёна еўра. Беларускі бок адправіў вялікі пакет дакументаў з дэталёвымі тлумачэннямі, куды і з якой мэтай будуць накіраваныя сродкі.

Апошні раз маштабнае аднаўленне родавы магільны склеп Радзівілаў перажываў у пачатку 20 стагоддзя. Пасля затаплення крыпты, працы вялі самі ўладальнікі. Затым толькі касметычныя рамонты. У савецкі час частка цаглянай падлогі была залітая бетонам, што недапушчальна. Сёння ў крыпце высокая вільготнасць, пачынае адслойвацца тынк. Сцены ў цвілі.

Аднаўленне крыпты ўваходзіць у комплекс прац па рэканструкцыі і рэстаўрацыі самога касцёла. Яны пачаліся некалькі гадоў назад. За гэты час замянілі дах, правялі інжынерныя працы, заняліся рэстаўрацыяй фасада. І тут чакала яшчэ адно адкрыццё. Касцёл у Нясвіжы, як апынулася, быў распісаны не толькі ўнутры, але і знадворку.