Тайнік з залатымі манетамі эпохі імператара Мікалая Другога знойдзены будаўнікамі ў Гродне

10 февраля 2016

Манеты і тры залатыя пярсцёнкі былі схаваныя ў сцяне дома, пабудаванага яшчэ ў мінулым стагоддзі. Гісторыкі, дарэчы, ужо высветлілі імёны гаспадароў скарбу. Хто быў уладальнікам і што збіраюцца рабіць з узнагародай тыя, хто знайшоў каштоўнасці, - у рэпартажы Дзмітрыя Смірнова.

Са сцяны выпаў гарлач з залатымі манетамі пасля некалькіх удараў молатам.

За амаль 30 гадоў гэты тайнік першы ў Гродне, які аказаўся залатым. Сума і па тых часах буйная - 110 рублёў золатам. Для параўнання: сёння кошт адной такой манеты на аўкцыёнах пачынаецца ад 6-7 мільёнаў рублёў.

Сёння месца, дзе будаўнікі натыкнуліся на збанок з залатымі манетамі, - вуліца Антонава. А на пачатку ХХ стагоддзя яна была Іерусалімскай - месцам пражывання яўрэйскай суполкі. Пазней, у перыяд Другой сусветнай, тут было гета. Гісторыкі дапускаюць, што манеты і пярсцёнкі - тайнік яўрэйскай сям'і. А супрацоўнікам Гісторыка-археалагічнага музея нават удалося высветліць імёны ўладальнікаў заручальных пярсцёнкаў. Унутры ёсць надпіс на іўрыце.

Дарэчы, эксперты ўпэўненыя: на старых гродзенскіх вуліцах могуць быць схаваныя і іншыя скарбы.

Часцей за ўсё так і здараецца, што скарбы знаходзяць падчас будаўнічых работ. Аднак бываюць выпадкі, калі скарбы адкопваюць літаральна на гародзе.

Адна з буйных такіх знаходак важыла не адзін кілаграм. За любы знойдзены скарб, які прызнаюць гісторыка-культурнай каштоўнасцю, належыць узнагарода - 25 або нават 50% ад яго сумы.

Зараз у Гродне рэстаўруюць і перабудоўваюць дзясяткі старых дамоў. Верагодна, што гэта была не апошняя залатая знаходка.