Танцавальны турнір "Віцебская сняжынка" сабраў удзельнікаў з больш чым 20-ці краін

23 января 2017

Палымяная румба, самба і ча-ча-ча. Удзельнікаў з больш чым 20-ці краін сабраў танцавальны турнір "Віцебская сняжынка". Упершыню на міжнародныя спаборніцтвы па спартыўных бальных танцах прыехалі дуэты са Швейцарыі і Філіпін. Усяго ж на віцебскай сцэне выступілі больш за 500 пар. У праграме - лацінаамерыканскія і еўрапейскія танцы. Узроставая катэгорыя ўдзельнікаў - ад дзяцей да сеньёраў.

Наталля Таўсташова, заснавальнік турніру "Віцебская сняжынка": "Мы імкнемся стварыць максімальна спрыяльныя ўмовы для ўсіх танцораў. І вельмі рады, калі шмат краін прыязджае. Я спадзяюся, гэта знаходзіць водгук і ў сэрцах нашых танцораў. Таму яны да нас з задавальненнем і з'язджаюцца".

"Віцебская сняжынка" - найстарэйшы танцавальны турнір Беларусі. Відовішчнаму спаборніцтву больш чым трыццаць гадоў. На гэты раз майстэрства ўдзельнікаў ацэньвала судзейская калегія, у якую ўвайшлі прадстаўнікі трынаццаці краін.