Танцавальны клуб "Мара" адзначае 50-годдзе

3 декабря 2015

У творчай справаздачы ўдзел прынялі не толькі цяперашнія ўдзельнікі калектыву, але і тыя, хто выходзіў на паркет некалькі дзясяткаў гадоў таму. Сярод іх і работнікі АТН. 

Антаніна Станкевіч упэўненая: любоў да танцаў - гэта на ўсё жыццё.

Ілля Крэўчык як прадстаўнік творчай прафесіі у штодзённым жыцці аддае перавагу камфортнаму адзенню. Аднак у святочны вечар пераўвасобіўся ў сапраўднага джэнтльмена. Фрак, белая кашуля і неадменны гальштук-бабачка. Усе ж такі венскі вальс патрабуе адпаведнага дрэс-коду.

Начальнік аддзела рэжысёраў Агенцтва тэленавін прысвяціў бальным танцам амаль 15 гадоў. Прыкладна столькі ж не выходзіў на паркет. Але запэўнівае: ногі памятаюць.

Мастацкі кіраўнік Лідзія Кац-Лазарава сама ўважліва сочыць за падрыхтоўкай усіх нумароў. Юбілейная дата - гэта не проста свята, але яшчэ і творчая справаздача. Розныя пакаленні танцораў дэманструюць чаму навучыліся за ўсе гады існавання калектыву.

На святочным канцэрце, прысвечаным юбілею, сваімі выступленнямі радуюць і самыя маленькія танцоры. Па ўсім бачна - падрастае годная змена.

Падарункі, граматы і кветкі - не толькі ад вучняў і іх бацькоў, але і гасцей свята. Менавіта так і бывае на дзень нараджэння у тых, у каго шмат сяброў.

Святочны канцэрт - гэта толькі пачатак 50-га танцавальнага сезона. Літаральна праз некалькі тыдняў - Міжнародны калядны турнір, ды гастрольна-канцэртны графік для "мараўцаў" распісаны ўжо на год наперад.