Танцавальны ансамбль Беларусі "Чабарок" пацвердзіў званне заслужанага калектыву

17 февраля 2016

Нацыянальныя какошнікі і камізэлькі, стракатыя стужкі і вянкі. Аматарскі танцавальны ансамбль Беларусі "Чабарок" пацвердзіў званне заслужанага калектыву. Харэаграфічныя кампазіцыі, полькі, замалёўкі і святочныя карагоды - амаль 20 нумароў прапанавалі на суд журы. У аснове праграмы – выключна беларускія нацыянальныя танцы, якія выконвалі паўтары сотні лепшых удзельнікаў.  Юлія Токар пазнаёмілася з артыстамі.

Нацыянальныя какошнікі і камізэлькі, стракатыя стужкі і вянкі - юныя танцоры ўмела пераапранаюцца ў канцэртныя касцюмы. Для заслужанага аматарскага калектыву «Чабарок» гэта выступленне адно з самых адказных за апошнія пяць гадоў. Менавіта праз такі час танцавальныя ансамблі павінны пацвярджаць ганаровы статус перад прафесійным журы. Таму нават у апошнія хвіліны перад выхадам артысты за кулісамі размінаюцца і паўтараюць трукі.

Паміж сабой удзельнікі «Чабарка» называюць яго сямейным калектывам. Напрыклад, у Артура Асаёнка тут з самага дзяцінства танцавалі бацькі, а сёння адзінаццацігадовы хлопчык з гонарам прадаўжае фамільную традыцыю.

Цяпер у калектыве займаецца больш за тры сотні таленавітых дзяцей ад 4 да 23 гадоў. З дзяцінства яны паступова асвойваюць базавыя элементы харэаграфіі, майстэрства народнага танца і ўвогуле традыцыйную культуру. Між тым, «Чабарок» прымае ўдзел у міжнародных фестывалях і конкурсах. Так, «Весялушка», «Ойра» і «Беларускія пацешкі» ўжо вядомыя на танцавальных пляцоўках Балгарыі, Чэхіі, Бельгіі і Італіі.

У рэпертуары «Чабарка» ёсць месца і эстрадным танцам. Але ж у гэты вечар праграма выключна нацыянальная.

Харэаграфічныя кампазіцыі, полькі і святочныя карагоды - амаль 20 нумароў прапануюць на суд журы. За гэты час на сцэну выйдуць паўтары сотні лепшых удзельнікаў калектыву.

Гэты сезон для «Чабарка» яшчэ і юбілейны - у маі калектыў святочным канцэртам адзначыць 30-годдзе.