Свой удзел у дзіцячым "Еўрабачанні" пацвердзіла рэкордная колькасць краін

25 июля 2018

Скарыстацца бязвізавым рэжымам змогуць і госці дзіцячага "Еўрабачання-2018". Дарэчы, яно ўжо б'е рэкорды! У міжнародным песенным шоу, якое пройдзе ў Мінску, пацвердзілі свой удзел 19 краін - і гэта абсалютны максімум за ўсю гісторыю конкурсу!

Паводле правілаў, у вакальным форуме могуць спаборнічаць толькі 18 прэтэндэнтаў, але сёлета ўпершыню Еўрапейскім Вяшчальным Саюзам і Белтэлерадыёкампаніяй было прынята рашэнне зрабіць выключэнне для Ізраіля як краіны - пераможцы дарослага "Еўрабачання-2018". Такім чынам, у лістападзе да нас прыедуць дэлегаты з Албаніі, Арменіі, Аўстраліі, Азербайджана, Македоніі, Грузіі, Ірландыі, Ізраіля, Італіі, Мальты, Польшчы, Партугаліі, Расіі, Сербіі, Нідэрландаў і Уэльса. Сёлета на дзіцячым "Еўрабачанні" дэбютуе Казахстан, а Францыя вяртаецца пасля перапынку з 2004 года.

Белтэлерадыёкампанія з'яўляецца арганізатарам і каардынатарам усіх мерапрыемстваў дзіцячага "Еўрабачання-2018" як адзіны прадстаўнік Еўрапейскага Вяшчальнага Саюза ў нашай краіне. Дзіцячы конкурс песні "Еўрабачанне-2018" будзе трансліравацца з "Мінск-Арэны" 25 лістапада.