"Свабодны музей: гарадскія легенды"

6 июля 2016

Кругласутачны музей без меж. Гэтым летам ў Мінску стала на адну карцінную галерэю больш. Пляцоўка ля Ратушы зараз не толькі для знатакоў музычнага мастацтва, але і для аматараў жывапісу. "Свабодны музей: гарадскія легенды" - праект аб людзях, якія жылі і працавалі ў сталіцы.

Больш падрабязна - Вольга Мядзведзь.

Мастацкі оўпен-эйр. Цяпер гэты тэрмін можна выкарыстоўваць і для карцінных выстаў. Шэдэўры жывапісу з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея сталі больш даступнымі і не патрабуюць аплаты за прагляд. У самым сэрцы сталіцы адразу 20 дзеячаў, якія стваралі гісторыю краіны ў розных сферах. Навукоўцы, спартсмены, творчая інтэлігенцыя, вынаходнікі намаляваныя пэндзлямі не менш таленавітых мастакоў.

Копіі карцін выкананы не звыклым алеем на палатне, а фотадрукам на пластыку. Каб размясціць усіх на тровугольныя стэнды, прыйшлося некаторыя малюнкі скараціць у памеры. Частку прац увогуле ўпершыню ўбачаць гледачы.

На выставе пад адкрытым небам - рэтраспектыва карцін з 20 стагоддзя да пачатку 2000-ых. Акрамя партрэтаў, напісаных з натуры, ёсць і малюнкі, якія ствараліся па фотаздымках, напрыклад, праца Леаніда Шчамялёва "Партрэт Алены Васільеўны Аладавай" 2007 года.

Спантанны партрэт, які стаў гісторыяй. Гэта цяпер палатно метр на 50 - прызнаны шэдэўр, а тады, у 23 годзе, проста эскіз да карціны. На працы 18-гадовая легенда беларускага тэатра Стэфанія Станюта пазіруе свайму бацьку-мастаку. Па ўспамінах актрысы, яна сама стварыла фон, павесіўшы рознакаляровую хустку, сама прыдумала позу, заскочыўшы на стол. І ўсяго за адзін сеанс малюнак тэмперай быў гатовы.

Каб убачыць усіх дзеячаў, трэба пахадзіць паміж стэндамі, бо з аднаго месца ўсіх адразу не ўбачыш. На адкрыцці оўпен-эйр выставы усе, хто адпачываў у Верхнім горадзе, трапілі на прафесійную экскурсію ад навуковых супрацоўнікаў музея.