Святло, якое можна завязаць у вузел

18 февраля 2014

У мастацкай галерэі Універсітэт культуры размясцілася выстава ЛіхтАрт. Экспазіцыя прысвечана святлу ў філасофскім і функцыянальным аспектах. Каля сотні дызайнераў і мастакоў святло вязалі, праводзілі па тэлефоннай трубцы і ўвасаблялі ў паўсядзённых вобразах.

Марына Мураўёва прагулялася па самай светлай выставе.


Святло, якім яго яшчэ не бачылі: свяцільня-падушка, сачок для матылькоў, ліхтарык, які можна завязваць у вузел, лямпа з пластыкавых бляшаначак. Беларускія дызайнеры крыніцу святла на выставе прадэманстравалі ў сваім творчым разуменні.


Сярод удзельнікаў ЛіхтАрта больш за сотню светлых імёнаў беларускіх дызайнераў. Маладыя аўтары і аксакалы аб'ядналі свае арт-аб'екты ў чатырох залах мастацкай галерэі.


На самай светлай выставе года можна ўбачыць хіт Інтэрнэта - лямпачку Азарэнне, зробленую ў выглядзе звілін галаўнога мозгу, і серыю свяцільняў Фолд-лэмп, якая дагэтуль экспанавалася ў Кітаі, Эстоніі і Польшчы. Незвычайная ідэя зрабіць лямпачку ў выглядзе звілін галаўнога мозгу Ігару Салаўёву прыйшла раптоўна. Адсюль і назва - Азарэнне. Пасля публікацыі на сайце фота ў літаральным сэнсе ўзарвала Інтэрнэт.


Аднак пакуль Азарэнне - гэта макет, і набыць яго ў дызайнера можна будзе толькі праз пэўны час. А вось серыю падвесных свяцільняў Максіма Шняка хутка будзе ацэньваць кітайскі спажывец. Творчы погляд аўтара на святло прывабіў рынак Паднябеснай спалучэннем прыгажосці і практычнасці.


Сумесная праца галерэі з Беларускім саюзам дызайнераў - добрая традыцыя. Два гады таму выстава Пастулат, прысвечаная стулу як арт-аб'екту і мастацкаму вобразу, стала значнай падзеяй ў творчым жыцці сталіцы. На гэты раз арт-аб'ектам светлых ідэй аўтараў стала святло. Дарэчы, сапраўдны дызайнер у жыцці павінен зрабіць не толькі стул, але і свяцільню.