Вяселле паводле старабеларускіх традыцый

24 октября 2015

У Дуброўне сёння сапраўдны перапалох. Тут гулялі вяселле паводле старабеларускіх традыцый. Падставай акунуцца ў мінулае стаў абласны агляд-конкурс вясельных абрадаў. Ён праходзіць раз на тры гады і збірае этнографаў і даследчыкаў старога з усёй краіны. Вольга Маслоўская ўбачыла свята з беларускім каларытам.

Коні ў кветках, гукі гармоніку і шумныя госці. Такога вяселля Дуброўна не бачыла даўно. А дакладней, больш за сто гадоў. Нават рух па вуліцы перакрылі, каб сучасныя аўтамабілі не перашкаджалі шлюбнаму картэжу 19-га стагоддзя.

У доме нявесты з ранку шматлюдна. Рыхтуюцца да сустрэчы жаніха і новых сваякоў. Сяброўкі дапамагаюць апрануцца маладой і пад песні заплятаюць у касу чырвоную стужку.

Па вяночку нявесты ў Дубровенскім раёне можна было вызначыць, з якой яна сям’і. Калі ва ўпрыгажэнне ўплецены гронкі рабіны, значыць - дзяўчына сірата. Калі вянок яркі, рознакаляровы, як сёння, то маладая з сям’і заможных сялян.

Ніводнае дзеянне падчас вяселля не было выпадковым. Усе прадумана, як у добрым спектаклі. Вяселле заўжды і было гэтакім народным спектаклем, закліканым прынесці шчасце, лад і дастатак ў сям’ю маладых.

У кожным раёне, нават у кожным мястэчку Беларусі, вяселле мае непаўторныя рысы. На агляд-конкурс у Дуброўна прыехалі сваты з 13 раёнаў.

Гэтыя шлюбныя касцюмы пасляваеннага часу захоўваюцца ў Чашніцкім музеі. Яны належалі сапраўдным жаніху і нявесце - Леаніду і Валянціне Ляхновіч.

Цікавыя гісторыі і адкрыцці кожнага Дубровенскага фестывалю вучоныя збіраюць у кнігу “Беларускае вяселле”. Першае выданне ўжо ўбачыла свет.

Для сучасных маладых гэта зборнік самых арыгінальных ідэй для свята.