Лёс гэтага ўдзельніка ў народным шоу "Я магу!" вырашылі гледачы

27 февраля 2015

У суботу за Дзмітрыя Іваненку ў паўфінале праекта паступіла 6 з паловай тысяч званкоў і смс. Такое народнае прызнанне і стала пуцёўкай у фінал конкурсу.

Як рыхтуюцца да фінальнага акорда ўдзельнікі "Я магу!" - убачыла Наталля Кезік. Разам за штурвалам цеплавоза амаль тры гады. Але спяваць на працы, прызнаецца Дзмітрый Іваненка, паспявае хіба што падчас абеду. І тады яго напарнік - першы і галоўны глядач. У дзень конкурсу за Дзмітрыя хварэлі ўсім Маладзечанскім лакаматыўным дэпо. Толькі Мікалай Паддубны паспеў зрабіць больш як 60 званкоў.

Дзмітрый Іваненка ў чацвёртым паўфінале выступаў першым. Для рэпертуару выбраў рамантычную кампазіцыю "Зорны дождж". Не спадабалася журы толькі чырвоная майка артыста.

На кастынг "Я магу!" у родным горадзе Дзмітрый трапіў выпадкова. А паездка на паўфінал ледзь не сарвалася двойчы. Напярэдадні з тэмпературай пад сарок злегла старэйшая дачка, а ў дзень выступлення Дзмітрыя падвёў голас.

На прафесійную сцэну Дзмітрый Іваненка ўпершыню выйшаў у 12 гадоў. А два гады таму ў Доме культуры чыгуначнікаў арганізавалі прафесійны калектыў "Гармонія". У рэпертуары - хіты васьмідзесятых і дзевяностых.

Старонку праекта "Я магу!" на сайце Белтэлерадыёкампаніі за тыдзень наведалі больш як 18 тысяч чалавек. І яшчэ 78 тысяч праглядаў групы ў сацыяльнай сетцы "ВКонтакте". А тэлегледачы і зусім пабілі рэкорд народнага конкурсу - за паўгадзіны падчас эфіру паступіла 24 тысячы званкоў. Актыўней за ўсё нумар тэлефона набіралі жыхары Мінскай, Віцебскай і Гомельскай абласцей. І, вядома ж, Маладзечна - бо фіналіста зараз пазнаюць на вуліцах роднага горада.

Перамогу ад гледачоў у народным шоу "Я магу!" Дзмітрый Іваненка практычна вырваў у канкурсанткі з Барысава. Яго лірычная песня атрымала прыкладна на сто званкоў больш. Увогуле ў Дзмітрыя 6 з паловай тысяч галасоў гледачоў. Пасля вяртання з конкурсу яго сустракалі як сапраўднага героя.

Да фіналу артыст плануе падабраць новую песню. Дарэчы, рыхтуе да выступлення і іншы вобраз. Канкурэнцыя ў фінале будзе сур'ёзнай - на сцэне выступяць 24 фіналісты шоу "Я магу!".