Сцэна тэатра Янкі Купалы сабрала фіналістаў конкурсу "Чытаем па-беларуску"

11 мая 2018

35 юных беларусаў сёння атрымалі магчымасць выступіць на вялікай сцэне тэатра Янкі Купалы. Галоўная тэатральная пляцоўка краіны сабрала фіналістаў рэспубліканскага конкурсу "Чытаем па-беларуску". На роднай мове маладыя людзі чыталі творы класікаў і сучасных аўтараў айчыннай літаратуры. З ліку школьнікаў, што дэкламавалі, журы, у склад якога ўвайшлі вядомыя пісьменнікі і паэты, акцёры і педагогі, выбірала пяцёрку лепшых. Сённяшняя сустрэча - вынік акцыі, якая праходзіла на працягу года і сабрала больш за 2  з паловай тысяч удзельнікаў з усёй Беларусі.

Акцыя "Чытаем па-беларуску" праходзіць трэці раз. Яе мэта - падтрымаць дзіцячую творчасць і папулярызаваць веданне роднай мовы. Сёлета праект аб'яднаў больш за 200 школ Беларусі. Журы праехала па 50 населеных пунктах нашай краіны. Прыняць удзел у конкурсе можна было і ў Інтэрнэце, прадставіўшы журы і гледачам відэаролік з выступленнем "па-беларуску".