Сталіца рыхтуецца да запуску кінатэатра Ракета

11 ноября 2013
Адноўлены кінатэатр запрацуе на наступным тыдні. Сваіх гледачоў ён сустрэне новай залай і новымі сучаснымі прэм'ерамі.

Навінкі кінапракату і рэкордныя касавыя зборы - у рэпартажы Марыны Мураўёвай.

Фабрыка мар і Вялікая дэпрэсія. Мала хто ведае, але сучасны кінематограф набіраў сваю папулярнасць менавіта тады. Добрыя, цікава паказаныя гісторыі і сёння збіраюць аншлагі.

Топ-10 самых аншлагавых фільмаў сталіцы гэтага года ўзначалілі карціны Жалезны чалавек, Хобіт і Фарсаж-6. Першы з іх стаў сапраўды жалезным, нават залатым па касавых зборах. Гэты фільм сабраў 3 мільярды 650 мільёнаў рублёў. Палову ад гэтай сумы кінавідэапракат пералічыў праваўладальніку. Сваё прызнанне ў гледача атрымала і анімацыя.

Летась кінатэатры Мінска наведалі 5 мільёнаў гледачоў і пакінулі ў касах горада 12 мільёнаў долараў даходу. З 15 лістапада паход ў кіно стане на 10% даражэйшы. У параўнанні з Масквой, дзе білет каштуе 11 долараў, ці Японіяй, дзе кінаманы аддаюць за адзін фільм 25 долараў, нашыя цэны вельмі прымальныя. Тым больш што якасць фільмаў суадносіцца з камфортам у саміх кінатэатрах. Як прыклад - рэканструкцыя Ракеты.

Марафет па-сучаснаму ў гэтым кінатэатры наводзілі з мая. Усталёўвалі новыя крэслы ў зале, экран і самае галоўнае - сучаснае лічбавае абсталяванне.

Запуск адноўленай Ракеты плануецца на 14 лістапада. Для камфорту наведвальнікаў, акрамя сучасных тэхналогій, - утульнае кафэ і паркоўка.

Сваё адкрыццё Ракета распачне дзвюма кінастужкамі Тры мушкецёры і Тэлекінэз. Глядзець іх будуць у адноўленнай зале на 250 месцаў. Такім чынам, новы гук і якасць фільмаў назаўсёды скончаць гісторыю монаагучвання.

23 кінатэатры плюс зала для артхаўса ў той жа Ракеце - лічба маленькая на колькасці насельніцтва сталіцы. Аднак па якасці паказу сусветных прэм'ер мы не адстаем, напрыклад, ад Лондана ці Берліна. За 10 месяцаў сталічныя кінаманы ўбачылі 280 касавых фільмаў.

Падчас чэмпіянату свету па хакеі ў нашых кінатэатрах будуць ісці фільмы з англійскімі субцітрамі. Такім чынам, не толькі мінчанам, але і гасцям сталіцы будзе што паглядзець.