Сталічнай галерэі "Універсітэт культуры" 15 гадоў

14 ноября 2017

Адна з вядучых выставачных зал краіны прапаноўвае сотні выставачных, літаратурных, музычных і адукацыйных праектаў.

На святочнай імпрэзе з нагоды свята з прыстаўкай арт пабывала Ларыса Гулякевіч.

Цэнтр Мінска, Палац Рэспублікі, галерэя «Універсітэт культуры», уваход свабодны. Самая ўтульная і зручная прастора, каб пазнаёміцца з беларускімі сучаснымі творамі мастацтва і не толькі.

Мастацкая галерэя «Універсітэт культуры» пляцоўка незвычайная. Па-першае, гэта творы таленавітай беларускай моладзі, па-другое, вынікі працы іх настаўнікаў, па-трэцяе, за 15 гадоў галерэя стала сучасным міжнародным цэнтрам.

Амаль кожны тыдзень тут адкрываюцца новыя экспазіцыі, ладзяцца майстар-класы, музычныя імпрэзы і круглыя сталы. Галерэя стала месцам сустрэчы для творчай эліты.

У галерэі выставіць свае работы могуць студэнты і педагогі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, мэтры фотаграфіі, графікі, выяўленчага і прыкладнога мастацтва, майстры замежжа і розных рэлігійных канфесій.

Малады дырэктар Павел Сапоцька выкладае ва ўніверсітэце культуры, таму добра ведае сучасныя мастацкія плыні і дае магчымасць для самавызначэння маладым і таленавітым.

Маленькі творчы юбілей адзначылі ў мінскім Доме Масквы. Гучалі добрыя словы ад міністэрстваў культуры, інфармацыі, замежных спраў. Узнагароды і граматы атрымалі ўсе, хто супрацоўнічаў з галерэяй у розныя гады.