Сталічная галерэя сучаснага мастацтва ДК запрашае

14 октября 2015

Калекцыянеры ўсё часцей зважаюць на творы беларускіх мастакоў, а прыватны галерэйны бізнес уступае ў канкурэнцыю з дзяржфондамі. Так, сталічная галерэя сучаснага мастацтва ДК крыху больш чым за год працы вырасла ў два разы. Зараз работы сучасных беларускіх аўтараў можна будзе паглядзець, не выязджаючы за межы цэнтра горада.

На першым вернісажы сезона была і Ніна Мажэйка. На светлавой шыльдзе ў былым пасольскім будынку ўсяго дзве літары - ДК. Гэта ініцыялы гаспадыні галерэі сучаснага мастацтва Каці Давыдавай. Гэтай восенню ДК змяніла адрас - пераехала ў гістарычнае сэрца Мінска.

Гаспадыня сустракае гасцей ля ўваходу. Яшчэ ў калідоры наведвальнік аказваецца на скрыжаванні. У прасторы адной галерэі адразу некалькі лакацый. Вялікая зала - своеасаблівая мастацкая гасцёўня і малая - для больш кампактных прэзентацый і перамоў.

Прастора-трансформер агульнай плошчай 180 квадратных метраў. Дызайнам інтэр'еру займалася асабіста дырэктар галерэі. Шэры колер сцен выконвае не толькі дэкаратыўную функцыю - такі тон выгадна падкрэслівае палотны Паўла Шапо. Саліруе класіка.

Дынастыя Шапо добра вядомая не толькі ў Беларусі. Знакаміты бацька і трое сыноў перанялі выяўленчы талент. Павел - мастак-пастаноўшчык у кіно, але палатно і алей не кідае. Жыццесцвярджальная калекцыя VIVA! - папуры ад майстра. Тут і гарачая Мексіка, артадаксальная Індыя і нават Тайланд. Палотны з налётам сюррэалізму і мноствам дэталяў.

Статус сучаснай галерэя ДК падтрымлівае. Адна з найбагацейшых калекцый сучасных беларускіх мастакоў знаходзіцца ў іх. З надыходам новага выставачнага сезона запаснікі будуць даступныя і для сталічных эстэтаў.