Стагоддзе святкуе Віцебскі абласны краязнаўчы музей

17 ноября 2018

Мерапрыемствы доўжацца ўвесь тыдзень. Гэта і прэзентацыі буклетаў, і творчыя сустрэчы, і, вядома, выставы. Віцебскі краязнаўчы аб’ядноўвае некалькі цікавых музеяў. За год іх наведваюць больш за сто шэсцьдзясят тысяч турыстаў з розных краін свету. Самым папулярным сярод падарожнікаў з’яўляецца Ратуша. Мінулае і сучаснасць Віцебскага абласнога краязнаўчага музея - у рэпартажы Марыны Раманоўскай.

Старажытныя шахматы ў экспазіцыі з’явіліся пасля даследчай экспедыцыі. А вось гэтая знаходка - выпадковая. Берасцяную грамату падчас земляных работ на плошчы Свабоды абласнога цэнтра знайшоў экскаватаршчык. Асноўны фонд Віцебскага абласнога краязнаўчага музея налічвае дзвесце сямнаццаць тысяч прадметаў. Самымі шматлікімі з’яўляюцца калекцыі друкаваных выданняў, рукапісных і фотадакументаў, філатэліі. Таксама музей ганарыцца багатымі калекцыямі медальернага мастацтва і нумізматыкі.

Гісторыя абласнога краязнаўчага пачалася стагоддзе таму. Тады ў Віцебску дзейнічала некалькі музеяў. Іх калекцыі і сталі асновай фондаў краязнаўчага. У гады Вялікай Айчыннай вайны ён перажыў цяжкія выпрабаванні. Калекцыі прыйшлося эвакуіраваць, многія прадметы бясследна зніклі падчас акупацыі. Пра мінулае і сучаснасць расказваюць і вось гэтыя буклеты. Іх прэзентавалі да стагоддзя музея.

Віцебскі абласны краязнаўчы - гэта цэлы комплекс розных музеяў. За год іх наведваюць больш за сто шэсцьдзясят тысяч турыстаў. Музей гісторыі прыватнага калекцыяніравання знаходзіцца ў гістарычнай частцы горада. Экспазіцыя размяшчаецца ў будынку былой электрастанцыі, якая шмат гадоў таму забяспечвала работу трамваяў. Музей аб’ядноўвае некалькі тэматычных блокаў.

Прэзентацыя буклетаў, сустрэча, прысвечаная 30-годдзю заснавання музея – сядзібы Рэпіна “Здраўнёва”, урачысты вечар. Да юбілею музейшчыкі падрыхтавалі насычаную праграму. У афішы - адкрыццё некалькіх выстаў.

Падарункам для наведвальнікаў стала выстава “100 рарытэтаў - да стагоддзя музея”. Карціны, іконы, медалі, калекцыя фарфору. У кожнага прадмета - свая гісторыя. Многія з іх экспануюцца ўпершыню.

Падчас святкавання экспазіцыя папоўнілася яшчэ адным каштоўным прадметам. Гэтую фібулу выпадкова знайшлі ў Заходняй Дзвіне. Даследаванні паказалі: яна датуецца адзінаццатым стагоддзем. Побач - дакладная копія. Такія двайнікі-сувеніры спецыяльна да юбілею з’явіліся ў самых цікавых экспанатаў Віцебскага абласнога краязнаўчага музея.