Сто гадоў з дня нараджэння Паўла Васільевіча Масленікава

1 февраля 2014

Прэзентацыя дакументальнага фільма і кнігі, гашэнне спецыяльнай паштовай маркі. Сёння спаўняецца сто гадоў з дня нараджэння Паўла Васільевіча Масленікава. На юбілей у Магілёўскім мастацкім музеі, які носіць імя майстра, сабраліся сваякі, сябры, прыхільнікі творчасці Паўла Масленікава.



Невядомыя старонкі ў жыцці вядомага мастака, мастацтвазнаўцы, педагога ў рэпартажы Уладзіміра Сёмкіна.


З самага пачатку творчай кар'еры ў Паўла Масленікава была адна муза - прырода. І ёй ён ніколі не здраджваў. Тое, што ў прыроды няма дрэннага надвор'я, Павел Васільевіч даказаў дзясяткамі сваіх работ.


Вялікая Айчынная вымусіла Паўла Масленікава змяніць пэндзаль на вінтоўку. Прайшоўшы ўсю вайну, мастак вярнуўся да любімай справы. У Тэатры оперы і балета Масленікаў спачатку працаваў мастаком-дэкаратарам, потым мастаком-пастаноўшчыкам. Зарэкамендаваў сябе і як выбітны педагог у тэатральна-мастацкім інстытуце. Пад яго кіраўніцтвам там было адкрыта некалькі новых кафедр. І ўвесь гэты час ён не пераставаў пісаць краявіды.


На свой 80-гадовы юбілей Павел Васілевіч уручыў музею, дзе ён упершыню пазнаёміўся з жывапісам, 125 сваіх лепшых работ. З яго лёгкай рукі ў гэтым жа музеі, што носіць яго імя, стаў рэгулярна праводзіцца пленэр Вобраз радзімы ў выяўленчым мастацтве.


Плануецца, што на гэты раз, у год стагоддзя вялікага майстра, у пленэры возьмуць удзел больш за дваццаць мастакоў з дзесяці краін свету. А работы, напісаныя імі, як заўсёды, застануцца ў музеі.


Сёння ў Магілёўскім мастацкім музеі імя Масленікава сабраліся сваякі, сябры, калегі Паўла Васільевіча. Урачыстыя мерапрыемствы пачаліся з гашэння маркі, якую выпусцілі спецыяльна да юбілею. Дачка мастака прэзентавала сваю новую кнігу пра бацьку. Таксама быў прэзентаваны і дакументальны фільм, створаны мясцовай студыяй тэлебачання. Мастак жывы, пакуль жывуць яго работы. Павел Васільевіч Масленікаў - яркае таму пацвярджэнне.