Стэндап-шоу паводле сатырычных твораў Кандрата Крапівы

19 мая 2016

На малой радзіме народнага пісьменніка прайшоў гумарыстычны фестываль. Славутыя байкі і вершы літаратурнага класіка ўзялі за аснову выступленняў сучасныя артысты, паэты-гумарысты і жартоўныя гурты. Вясёлае свята аб'яднала з дзясятак калектываў на Уздзенскай зямлі.

Расказвае Аляксандра Драгун.

"Я - пякучка-крапіва"… Калісьці так пісаў пра сябе класік беларускай літаратуры Кандрат Атраховіч. У якасці псеўданіма выбраў такую расліну невыпадкова. Яна накшталт яго вострай сатыры.

Кірмаш гудзе, як у хаце свята, ушануем мы з табой юбілей Кандрата.

«Дыпламаваны баран», «Дзед і баба», «Сваты», «Ганарысты парсюк»… славутыя байкі, трапныя жартоўныя выразы Кандрата Крапівы і сёння ў рэпертуары сатырычных калектываў. На малой радзіме народнага пісьменніка - на Уздзенскай зямлі - прайшоў фестываль гумару да 120-годдзя класіка.

З дзясятак жартоўных калектываў і тэатраў гумару Мінскай вобласці з'ехаліся на вясёлае свята. Сярод іх калектыў «Цешча» з Ратамкі.

Даспадобы прыйшоўся і так званы сялянскі гумар «Дубінскіх фанабэраў» з Валожынскага раёна.

Побач з імправізаваным амфітэатрам - галерэя карыкатур са старонак часопіса «Вожык», у якім Кандрат Крапіва працаваў рэдактарам.

Фотаздымкі, дакументы з сямейнага архіва, прадметы гардэроба. Рэчы, якія калісьці належалі Кандрату Крапіве, сёння экспанаты раённага музея. На стале захавалі працоўную абстаноўку, быццам рукапісы чакаюць аўтара. Побач невялікі помнік народнаму пісьменніку аўтара Заіра Азгура.

Гліняныя сувеніры паводле баек народнага пісьменніка, саламяныя капелюшы і паясы з узорамі Уздзенскага краю. Побач з імправізаваным амфітэатрам размясціліся народныя ўмельцы.

На малой радзіме Кандрата Крапівы працуе адзіная ў Беларусі школа, якая носіць імя народнага пісьменніка. Ёсць тут і музей, прысвечаны класіку, які 20 гадоў захоўвае памяць пра славутага земляка.