Стары замак у Гродне рыхтуецца набыць другое жыццё

8 января 2019

Другое жыццё рыхтуецца набыць каралеўская рэзідэнцыя - Стары замак у Гродне. Яго рэстаўрацыя пройдзе ў тры этапы. Узнаўляць палац часоў Баторыя пачнуць пасля завяршэння першай чаргі рэканструкцыі. Канкрэтных тэрмінаў пачатку другой і падрыхтоўкі праекта архітэктары пакуль не называюць. Аднак навукоўцы ўжо робяць сенсацыйныя заявы. Гісторык Мікалай Волкаў прааналізаваў пісьмовыя ўспаміны найбліжэйшага асяроддзя манарха Стэфана Баторыя і знайшоў той самы пакой. Пра што ідзе размова, ведае Наталля Тарасюк.

Менавіта ў гэтым пакоі кароль Стэфан Баторый правёў апошнія месяцы свайго жыцця. Да такой высновы прыйшоў гісторык Мікалай Волкаў. Яго новае сенсацыйнае даследаванне - гэта больш чым 40 старонак апісання магчымага экстэр'еру і інтэр'еру Старога замка ў Гродне.

Навуковец таксама прааналізаваў інвентары замка. Але падрабязнае апісанне ўсіх пакояў стваралася зусім не для нашчадкаў, а для відавочцаў, гаворыць гісторык Расціслаў Баравой. У 80-я гады ён разам з групай навукоўцаў даследаваў Стары замак.

Успаміны людзей XVI стагоддзя, на яго думку, у XXI інтэрпрэтаваць цяжка, але ўсе звесткі важныя. Замак адрэстаўруюць у тры этапы. Зараз ідзе першая чарга рэканструкцыі - гэта ўязныя вароты, галерэя, сярэдняя вежа і сцяна над Нёманам.

Гэты камень калісьці знайшлі ў Докшыцкім раёне, але з 80-х гадоў яго пастаяннае месца прапіскі - Мінск, Музей камянёў. На ім намаляваныя карона, рыцар і тры лацінскія літары, якія ў перакладзе абазначаюць "кароль Стэфан Баторый". Ці мае гэты каменны артэфакт непасрэднае дачыненне да манарха - невядома. Але, магчыма, яго варта ўсё ж вярнуць у вертыкальнае становішча і ўсталяваць у Гродне на тэрыторыі замка, які кароль так любіў і выбраў у якасці сваёй рэзідэнцыі.

Свае навуковыя пошукі Мікалай Волкаў накіраваў у інстытут "Гроднаграмадзянпраект", які займаецца рэканструкцыяй замка.

Каб падрыхтаваць праект рэстаўрацыі, трэба ўлічыць натурныя даследаванні, архіўна-бібліяграфічныя і археалогію. Дыялог паміж архітэктарамі, гісторыкамі, археолагамі вельмі важны. Улік усіх звестак павысіць узровень рэстаўрацыйных работ.

Стары замак у Гродне - адзіная каралеўская рэзідэнцыя, якая захавалася ў Беларусі. І толькі першая чарга рэканструкцыі можа завяршыцца за найбліжэйшыя два гады.