Стартаваў прыём заявак для ўдзелу ў нацыянальным адборы на дзіцячае "Еўрабачанне-2019"

16 июля 2019

Да праслухоўвання запрашаюцца юныя вакалісты ад 9 да 14 гадоў - грамадзяне Беларусі, альбо іншаземцы, якія пражываюць на тэрыторыі краіны не менш чым два з паловай гады. У адборы можа ўдзельнічаць песня на рускай або беларускай мовах. Выкарыстаць замежную можна, але ў абмежаваным аб'ёме (не больш за 40 % ад усяго тэксту). Акрамя таго, кампазіцыя не павінна быць камерцыйна рэалізаваная, а таксама выкананая публічна да 1 мая гэтага года.

Усе анкеты прымаюцца выключна ў электронным выглядзе на сайце медыяхолдынга tvr.by. Там жа можна азнаёміцца з палажэннем і правіламі конкурсу. Апошні дзень прыёму заявак - 15 жніўня.

Фіналістаў (а гэта ад 7 да 10 удзельнікаў) вызначыць прафесійнае журы. А пераможца адбору і прадстаўніка Беларусі на конкурсе выберуць у прамым эфіры тэлегледачы і эксперты не пазней за 27 верасня. XVII Міжнародны дзіцячы песенны форум пройдзе ў польскім горадзе Глівіцэ ў лістападзе.