Сёння стартаваў тыдзень дзіцячага "Еўрабачання-2020". Прамая трансляцыя цырымоніі адкрыцця вялася на афіцыйнай старонцы шоу на YouTube.
У гэтым сезоне па прычыне складанай эпідэміялагічнай сітуацыі ў свеце традыцыйная прэзентацыя ўсіх удзельнікаў, як і сам конкурс, праходзяць у дыстанцыйным фармаце. Дэлегаты 12-ці краін выходзілі на сувязь з цяперашняй сталіцай шоу - Варшавай - з дапамогай інтэрнэту. Сярод удзельнікаў і наша прадстаўніца Арына Пехцерава. Падчас цырымоніі адбылася жараб'ёўка. Выпадковым чынам былі вызначаныя толькі тыя, хто адкрыюць і закрыюць канцэрт, а таксама пазіцыя краіны гаспадыні. Парадак выступленняў астатніх выканаўцаў вызначаюць арганізатары.
Таксама адбылася прэм'ера загалоўнага трэка шоу гэтага сезона "Move The World!" або "Рухай свет!". Менавіта так гучыць слоган 18-га конкурсу песні. Кампазіцыю выканала пераможніца дзіцячага "Еўрабачання-2019" Вікі Габар.
Дзіцячае "Еўрабачанне-2020" ужо ў гэтую нядзелю. У прамым эфіры шоу пакажуць тэлеканалы "Беларусь 1" і спадарожнікавы "Беларусь 24". Пачатак у 19:00.













