Старадарожскі раён развівае аграэкатурызм

2 июня 2015

Новыя сядзібы адраджаюць былыя народныя традыцыі. І нібы ў музеі, тут сабраны старыя рэчы. А гаспадары прапаноўваюць наведвальнікам насычаны адпачынак. Наталля Кузьміцкая працягне.

Раней на гэтым месцы былі рэшткі старога сялянскага дома і горы смецця. Сёння гэта прыгожая сядзіба, у якой ветлівыя гаспадары частуюць стравамі нацыянальнай кухні і праводзяць экскурсіі па музеі народнага побыту.

Стваралі самабытную сялянскую сядзібу літаральна ўсёй вёскай. З розных куткоў прыносілі старыя кошыкі, калыскі, прасы. Старыя непатрэбныя рэчы ў музеі гаспадаркі знайшлі сваё месца.

Зелім Матаеў, ураджэнец Чачні, у Беларусі больш за 25 гадоў. На другой радзіме знайшоў сваё каханне, выхоўвае дзяцей і займаецца любімай справай: гаспадар развівае народныя промыслы і рамёствы, разам з жонкай сустракае гасцей з Расіі, Казахстана, Францыі і нават ЗША.

У гаспадарцы “Барбераўка” заўсёды шмат гасцей. Прываблівае наведвальнікаў не толькі вясковы каларыт, яны вяртаюцца сюды, каб яшчэ раз пачаставацца смачнымі хатнімі стравамі.

Улетку гаспадары ладзяць цікавыя падарожжы. Ля аграсядзібы знаходзіцца маляўнічае Будзяніцкае возера, да якога можна даехаць на веласіпедзе ці на кані, а ў сезон па дарозе назбіраць поўны кошык грыбоў ды ягад. Занятак на свой густ сабе тут знойдзе кожны.