Найстарэйшаму фатографу Беларусі споўнілася 100 гадоў

1 июля 2020
Адкрыццё фотавыставы прымеркавана да 100-гадовага юбілею аўтара 

Персанальная выстава найстарэйшага ў Беларусі фатографа-аматара сёння адкрылася ў навагрудскім доме-музеі Адама Міцкевіча. Іван Камар, просты жыхар вёскі Нянькава, на працягу 60 гадоў здымаў на плёнку сваіх аднавяскоўцаў, іх побыт, сельгасработы і мясцовыя святы. За доўгія гады набралася больш як 70 плёнак, а гэта каля 2 тысяч фатаграфій. На такую калекцыю звярнулі ўвагу супрацоўнікі Нацыянальнага гістарычнага музея, дзе ў лютым з поспехам прайшла выстава прац сельскага фатографа. 

Надзея Саўчанка, загадчыца аддзела Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі: "Своеасаблівы архіў, аповед аб тым мікрасвеце, аб маленькай беларускай вёсцы, тыповай, пэўна, для ўсёй Беларусі. І вось гэтай сваёй тыповасцю яна каштоўная для гісторыі нашай. Па фатаграфіях Івана Ігнацьевіча, я мяркую, нашы нашчадкі будуць менавіта ўяўляць, як выглядалі пра-пра-пра-далёкія. Якое ў іх было жыццё, у што апраналіся, як сябе вялі, як адчувалі".

Адкрыццё фотавыставы прымеркавана да 100-гадовага юбілею аўтара. Менавіта сёння Іван Камар адзначае свой дзень нараджэння. Павіншаваць яго прыйшлі дзясяткі жыхароў і гасцей Навагрудка.