Сярод фіналістаў шоу "Я магу!" - ужо 12 чалавек

12 марта 2015

У гэтую суботу гледачоў "Беларусь 1" чакае чарговая порцыя яркіх і крэатыўных нумароў таленавітых беларусаў. Сярод фіналістаў шоу "Я магу!" - ужо 12 чалавек. У іх ліку і мастак Святлана Саўчук. Дзяўчына малюе ва ўнікальнай тэхніцы, чым і заваявала журы. 

Вікторыя Патоня ўбачыла, дзе нараджаюцца таленты.

Каб стварыць карціну, ёй не патрэбны пэндзаль. Яна ўмее трымаць інтрыгу, малюючы не зусім звычайным спосабам. Падчас выступлення ў паўфінале шоу "Я магу!" Святлана Саўчук намалявала пальцамі партрэт акрылавымі фарбамі. Сваім талентам здзівіла журы і трапіла ў спіс фіналістаў.

Свае першыя крокі ў свет мастацтва Святлана здзейсніла менавіта тут, у Мельніцкай школе Маларыцкага раёна. Яе малюнкі, плакаты і карціны настаўнікі беражліва захоўваюць дагэтуль. Гавораць, выпускніца не проста таленавітая, а і вельмі працавітая.

У мастацкай школе Святлана не вучылася - не было магчымасці. Але колькі памятае сябе, заўсёды хадзіла з алоўкамі і фантазіравала. Аб таленце Святланы ведае ўся вёска. Кіраўнік мясцовага прадпрыемства нават звярнуўся з незвычайнай просьбай - размаляваць збожжасклад. Мастак змяніла вось гэтую 70-метровую сцяну за тры тыдні, прычым звычайнымі алейнымі фарбамі. Дома фіналіста народнага шоу падтрымліваюць родныя. Самаму маленькаму балельшчыку - пляменніку Дзіму - амаль тры гады. Двое братоў-зваршчыкаў дапамагаюць Святлане рэалізоўваць задуманае. Мальберт, на якім круціцца палатно, прыдумалі і стварылі менавіта яны. Бацька змайстраваў стол для пескаграфіі. Святлана па-майстэрску валодае і гэтай тэхнікай.

Наперадзе ў прыхільнікаў "Я магу!" яшчэ 6 паўфіналаў. Але шоу ўжо даўно заваявала званне народнага. Толькі на гэтым тыдні раздзел "Я магу!" на сайце Белтэлерадыёкампаніі наведалі больш як 15 тысяч чалавек. Актыўней за ўсё галасавалі людзі з Мінска, Бабруйска, Гомеля, Віцебска. Далучыліся балельшчыкі з Масквы, Санкт-Пецярбурга і нават Осла.