Адразу некалькі экспазіцый сабралі энтузіясты ў вёсцы Заброддзе Вілейскага раёна

23 сентября 2015

Тры музеі ў адным пад адкрытым небам. Адразу некалькі экспазіцый сабралі энтузіясты ў вёсцы Заброддзе Вілейскага раёна. Прысвечаны яны Першай сусветнай вайне, рэтра аўта- і мотатэхніцы і побыту беларусаў – наведвальнікі могуць апынуцца за адзін дзень адразу ў некалькіх эпохах. Антаніна Станкевіч таксама адправілася ў падарожжа ў мінулае.

“Гарбаты” “запарожац”, першы савецкі джып, адзіная ў Беларусі службовая машына ДАІ… У рарытэтнай калекцыі скульптара Данілы Цітовіча больш за 30 экземпляраў аўта- і мотатэхнікі. Асаблівыя пачуцці – да першага экспаната.

Майстар не проста збірае тэхніку, але і дае ёй другое жыццё. Усе аўтамабілі – спраўныя. Рарытэты – жаданыя госці на здымачных пляцоўках мастацкіх фільмаў. “Дняпроўскі рубеж”, “СМЕРШ”, “Сляды апосталаў” – у гэтых стужках як раз і засвяціліся рарытэтныя экспанаты.

Калекцыя увесь час папаўняецца новымі экземплярамі. На пытанні пра кошты Даніла не адказвае і за рулём рарытэтнай тэхнікі сядзець чужым не дазваляе. Але пракаціць гасцей можа лёгка.

Сям’я Цітовічаў пераехала ў Вілейскі раён 40 гадоў таму. За гэты час у маленькай вёсцы Заброддзе разам стварылі некалькі экспазіцый. Але галоўны гонар сям’і – музей, прысвечаны Першай сусветнай вайне. Менавіта тут, у Вілейскім раёне, на працягу двух гадоў стаяў фронт. Такім чынам у сям’і Цітовічаў ушаноўваюць тых, хто абараняў Радзіму на пачатку 20 стагоддзя.

Прыязджаюць сюды і арганізаваныя групы, і проста тыя, хто цікавіцца гісторыяй. Гасцям тут заўсёды рады.