Адразу 20 краін прымуць удзел у дзіцячым "Еўрабачанні" ў Мінску

2 августа 2018

Пасля дэдлайну на міжнародны песенны форум вярнулася Украіна. Раней Кіеў адмаўляўся ад удзелу з-за фінансавых цяжкасцей. Але днямі ў Еўрапейскі Вяшчальны Саюз паступіла заяўка ад нашых паўднёвых суседзяў. Не абыдзецца на конкурсе і без дэбютантаў. Упершыню на міжнародным песенным форуме выступяць Казахстан і Уэльс. Дзіцячае "Еўрабачанне" пройдзе ў Беларусі ў лістападзе. Арганізатарам і каардынатарам усіх мерапрыемстваў конкурсу выступае Белтэлерадыёкампанія.

Ужо зараз ідзе актыўная падрыхтоўка. Заўтра творчая каманда пачне здымаць візітоўкі ўдзельнікаў нацыянальнага адборачнага тура. Канцэпцыя відэапаказаў адпавядае слогану конкурсу - "Запальвай!" Хто прадставіць Беларусь на песенным шоу - даведаемся ў канцы жніўня.