Алена Борматава - пра музыку пад духоўнымі скляпеннямі.
Арган вяртаюць да жыцця некалькі сезонаў. З гары драўляных і металічных труб на хорах касцёла з'явіліся пазнавальныя абрысы музычнага інструмента. Ён гучыць пакуль не ў поўны голас. Яго магутнасць - 26 галасоў. Калі тут хрысцілі Янку Купалу, арган гучаў толькі на 12.
Арган у Радашковічах будзе чацвёртым па велічыні сярод касцёлаў Беларусі
Нягледзячы на тое, што касцёл у Радашковічах – адзін з найбуйнейшых у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі (большы за Траецкі толькі санктуарый Божай Маці ў Будславе), за ўсю сучасную гісторыю тут не было аргана. Стары інструмент не перажыў гістарычных перапетый. А зараз тут завяршаюць рэканструкцыю аргана, які прывезлі з Браслава. Пасля завяршэння ўсіх работ ён мусіць стаць чацвёртым па велічы сярод касцёлаў Беларусі - пасля Мінска, Гродна і Пінска.
Два мануалы - гэта значыць дзве клавіятуры. Яны вельмі падобныя на раяльныя. Але ў аргана яшчэ ёсць клавішы для ног. Іх пакуль не ўсталявалі. Многія металічныя трубы былі пашкоджаны. Іх уручную раўнялі. Гук залежыць не толькі ад дыяметра і якасці труб. Вялікую ролю адыгрываюць памеры касцёла, акустыка святыні.
Для аднаўлення частак аргана выкарыстоўваюць сучасныя матэрыялы
Для аднаўлення некаторых частак аргана выкарыстоўваюць сучасныя матэрыялы, якія ну ніяк не чакаеш убачыць унутры музычнага інструмента. Пластыкавыя трубы, якія звычайна выкарыстоўваюць для каналізацыйных сістэм. Але ў адрозненне ад дрэва, яны не ўсыхаюць і не даюць трэшчын.
Пры рэстаўрацыі іх нарошчваюць і вяртаюць да арыгінальных памераў. На пластык замяняюць толькі ў тых частках, дзе праходзіць паветра. Дзе выходзіць гук - не мяняюць нічога. Металічныя трубы застаюцца металічнымі, драўляныя - драўлянымі. Дарэчы, пры аднаўленні аргана выкарыстоўваюць няцвёрдыя сарты дрэва - ліпу ці сасну.













