Праз 60 гадоў Лаўрэнсія вяртаецца на беларускую сцэну

29 октября 2014

Шэдэўр савецкай харэаграфіі аднавіў Вялікі тэатр Беларусі. Пастаноўку легендарнага спектакля даручылі прыме сусветнага балета Ніне Ананіашвілі. Народная артыстка Расіі і Грузіі прытрымліваецца арыгінальнай харэаграфічнай партытуры. Прэм'ерныя паказы ўжо ў гэтыя выхадныя. А пакуль бясконцыя рэпетыцыі і падгонка касцюмаў.


Падрабязней - Іна Пілевіч.


Ён вынес модны прысуд балярынам: ніякіх пачкаў! Усё спадніцы фламенка, кастаньеты, вееры, грабяні і шалі. Гісторык моды Аляксандр Васільеў прыбыў па запрашэнні пастаноўшчыцы і прымы Ніны Ананіашвілі і распрацаваў дызайн касцюмаў спектакля Лаўрэнсія ў іспанскім стылі. Пад яго кіраўніцтвам швачкі Вялікага тэатра Беларусі стварылі 180 касцюмаў.


Для беларускай прэм'еры расійскі тэатральны мастак збіраў усяго патроху. З розных куткоў свету - аксаміт, шоўк, набіваны паркаль, вельвет, карункавае палатно. Дакладна ўвасобіць ідэі Васільева змаглі толькі прадстаўніцы рэдкіх для сучасных тэатраў прафесій - вышывальшчыцы і фарбавальшчыцы. Уручную майстрыхі расфарбавалі больш за 1000 метраў тканіны.


Балет з іспанскім сюжэтам ставіць грузінская прыма. Зорка сусветнага балета Ніна Ананіашвілі прытрымліваецца арыгінальнай версіі Чабукіані. Менавіта грузінскі балетмайстар і танцоўшчык яшчэ да вайны прынёс балетную славу п'есе Лопе дэ Вега Авечая крыніца. Для беларускай прэм'еры харэаграфічны матэрыял узнаўляўся з запісаў, фільмаў, сустрэч з тымі, хто танцаваў шэдэўр савецкага балета. У спектаклі задзейнічаная амаль уся трупа - 74 артысты. Лаўрэнсію рэпеціруюць 4 склады.


На пуантах - гісторыя па-за часам пра барацьбу за волю. Непакорлівая Лаўрэнсія ў імя кахання выступае супраць жорсткага феадала Камандора.


Тры тысячы квадратных метраў мяккіх дэкарацый. Менавіта такія велічэзныя фонавыя карціны ствараюць на сцэне атмасферу іспанскай вёскі. Маляўнічыя палотны зменяцца 5 разоў на працягу спектакля.


У розны час Лаўрэнсію выконвалі легенды балета Плісецкая, Церахава, Лепяшынская. Гэтым разам права першай партыі дасталася народнай артыстцы Беларусі Вользе Гайко. Упершыню для гледачоў Лаўрэнсія закруціцца ў фуэтэ ўжо ў суботу.