"Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях" на сцэне Купалаўскага тэатра

10 июля 2019
У Мінску адбылася прэм'ера пастаноўкі паводле твора Яна Баршчэўскага. Каб лепш прачуць тэкст, трупа тэатра нават адправілася ў падарожжа па родных месцах аўтара ў Полацак. Ці стала пастаноўка новым чытаннем класікі, ведае Дар'я Тарасава.

Зіма на падмостках Купалаўскага. Нягледзячы на ліпень, галоўны элемент спектакля - заснежаная сцэна. Дзеянне разгортваецца на беразе возера Няшчэрда, якое фігуруе ў кнізе Баршчэўскага. Містыкі беларускай глыбінцы дадаюць і бутафорскія чароты. Сцэнаграфія Кацярыны Шымановіч і Сяргея Ашуха. У Купалаўскім яны таксама зрабілі сцэнаграфію для "Зямлі Эльзы", "Радзіва Прудок” і спектакля "Запалкі ".

П'есу паводле кнігі "Беларусь у фантастычных апавяданнях" для Купалаўскага напісаў сучасны драматург Сяргей Кавалёў. У звязцы з тэатрам ён працаваў над “Панам Тадэвушам”. Проза пісьменніка сабрана ў адзінае апавяданне, Баршчэўскі першым ўжыў у сваёй кнізе назву Беларусь. Для рэжысёра Алены Ганум - гэта першая праца на вялікай сцэне.

Над стварэннем вобразаў працавала бутафорская брыгада тэатра. Усе касцюмы адшываліся ўручную, у вытворчых цэхах Купалаўскага. У спектаклі задзейнічаны два саставы артыстаў. Побач з карыфеямі тэатра і моладзь, для якой "Шляхціц Завальня" стала прэм'ерай.

Наступны год для тэатра — юбилейны, соты, яго распачнуць у верасні. Да вялікай даты на драматычных падмостках з'явіцца "Кароль Лір", у тэатры ўжо аднаўляюць "Ідылію" і працуюць над харэаграфічным спектаклем з рабочай назвай "Мой Шагал".