Спектакль "Арт" папоўніў рэпертуар Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы

7 декабря 2015

П'еса, якая перакладзена на 35 моў, - зараз і на беларускай. Спектакль "Арт" - паводле твора Ясмины Рэзы - папоўніў рэпертуар Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы. На прэм'еры пабывала Вольга Мядзведзь.

У 90-я гэтая інтэлектуальная камедыя прынесла вялікую колькасць літаратурных прэмій і адразу ж сусветную вядомасць свайму французскаму аўтару. Рэжысёр і мастацкі кіраўнік Купалаўскага тэатра Мікалай Пінігін ужо не ўпершыню займаецца пастаноўкай гэтай п’есы.

Трэці раз майстар звяртаецца да твора Ясміны Рэзы, які быў напісаны ў 20 стагоддзі. Гісторыю пра мужчынскае сяброўства ў 98-м на сцэне прыватнага тэатра распавядаў, сапраўды, зорны склад. Віктар Манаеў, Сяргей Журавель і Ігар Забара былі першымі на Беларусі Іванам, Маркам і Сержам.

Трое сяброў на працягу 15-ці гадоў не мелі ніякіх непаразуменняў. Але ўсё змянілася, калі адзін з іх, калекцыянер Серж, купіў вельмі дарагую, белую карціну. Розныя погляды на мастацтва ўнеслі разлад паміж лепшымі сябрамі.

Мінімалізм у мастацкім афармленні сцэны падкрэслівае бессэнсоўнасць канфлікту. Сцяна, канапа, дыван і крэсла выкананы ў адным колеры, што змяшчае персанажаў у белы замкнёны квадрат.

А напрыканцы дапамагае пачаць героям усё з чыстага ліста.

Для Купалаўскага тэатра снежань будзе месяцам прэм’ер. На камернай сцэне свет ўбачаць адразу тры пастаноўкі, дзве з якіх - дыпломныя працы студэнтаў Мікалая Пінігіна.