Спаса-Праабражэнскі храм у Полацку першапачаткова выглядаў зусім інакш

15 августа 2019

Па крупінках збіраюць звесткі і аднаўляюць важныя гістарычныя аб'екты і нашы рэстаўратары і археолагі. Так, у Полацку яны сутыкнуліся з сапраўднымі сенсацыямі. Спаса-Праабражэнскі храм XII стагоддзя, пабудаваны па патрабаванні Ефрасінні Полацкай, першапачаткова выглядаў зусім інакш. Зараз святыня можа быць уключана ў спіс сусветнага значэння. Што ўтойваюць падмуркі культавай пабудовы,  распавядзе Алена Борматава. 

Помнік полацкай архітэктурнай школы. Спаса-Праабражэнская царква XII  стагоддзя, якую будавалі пры жыцці Ефрасінні Полацкай. Сёння святыня апаясана будаўнічай агароджай з навесам, што дазваляе археолагам і рэстаўратарам праводзіць работы ў любое надвор'е. За бягучы сезон выконваюць адразу двухгадовы план. Адначасова працуюць на двух археалагічных участках - заходнім і ўсходнім фасадах. Больш  адкрываць нельга. 

Экзанартакс - гэта такі старажытны хол ці вестыбюль. Яго археолагі не чакалі знайсці. Адкрыты фрагменты прытвора - ад яго руіны толькі дзвюх сцен. Раскапалі паўночную галерэю. А там  цэлы шэраг саркафагаў. 

Храм быў як мінімум удвая большы за сучасны. Да нас дайшло толькі ядро царквы. Архітэктурныя элементы XII стагоддзя захаваліся ў руінах і выключна на ніжніх частках, што было пад зямлёй. Экспанаваць знаходкі немагчыма. Не дазваляе клімат. На аб'екце побач з археолагамі  рэстаўратары. Яны займаюцца ўмацаваннем падмуркаў і кансервацыяй ніжніх частак сцен. Паступова работы будуць праходзіць па ўсёй вышыні храма. 

Працуе міжнародная каманда даследчыкаў. Рэстаўратары з Беларусі і Расіі. Разам са спецыялістамі Полацкага дзяржуніверсітэта калегі з Дзяржаўнага Эрмітажа. Тут жа  студэнты з Полацка і Магілёва. Дэталёва перабіраюць глебу - там безліч знаходак. Толькі фрэскавых фрагментаў тысячы. Магчыма, з цягам часу навукоўцы збяруць гэты гістарычны пазл і змогуць аднавіць малюнак знешніх сцен. Пасля адкрыцця тынкоўкі XII стагоддзя  ўбачылі яе колер - крыху залацісты. І тут  нечаканыя знаходкі. Надпісы-графіці на фасадзе. Вучоныя меркавалі, што іх не будзе, бо вельмі шмат унутры - 4 тысячы. 

Гэта магла быць малітва, якую маляваў непісьменны чалавек. Не выключана, што малюнак - справа рук майстроў, якія распісвалі храм. Вялізныя валуны ў падмурку - гэта ўзровень XII  стагоддзя. Па ім хадзілі людзі, у тым ліку і Ефрасіння. Да сучасных дарожак некалькі метраў. Гэта напластаванні стагоддзяў. 

Раскопкі святыні працягнуцца і ў наступным сезоне.  Затым  працу пачнуць рэстаўратары. Але ўжо сёлета распачалі комплекс археалагічна-рэстаўрацыйных работ. Аднаўленне храма павінна завяршыцца ў 2024 годзе, а ў 2025 манастыр адзначыць 900 гадоў з дня заснавання.