"Спартак" у харэаграфічнай пастаноўцы Валянціна Елізар’ева паказалі ў Пекіне

5 мая 2019
Беларусь не проста дапамагае ствараць і пераплятаць у Шаўковым поясе ўсё больш нітак - нашы ўзоры ўпрыгожваюць і ў цэлым  сусветнае палатно. Напрыклад, жыхары Пекіна даўно ведаюць, што беларускі "Спартак" - гэта смачна (нашы цукеркі тут не рэдкасць), але зараз многія зразумелі, што гэта яшчэ і відовішчна. 

Гэтым разам "Спартак" у харэаграфічнай пастаноўцы Валянціна Елізар’ева ўзняў сваё паўстанне на галоўнай тэатральнай арэне Паднябеснай - у Нацыянальным цэнтры выканальніцкіх мастацтваў. Дарэчы, мэтр беларускага балета сам прыляцеў у сталіцу Кітая, каб прадставіць спектакль. 

Якую даўнюю тэатральную традыцыю кітайскія гледачы неаднаразова парушалі за час беларускага спектакля, што адбываецца за кулісамі за секунды да ўзняцця заслоны? Дзеля гэтых рэдкіх кадраў нашаму карэспандэнту Яну Пашкевічу нават давялося працаваць пад прыкрыццём. 

Тайм-аўт на некалькі гадзін перад фіналам балетнай двухдзённай суперсерыі артысты Вялікага выкарыстоўваюць для экспрэс-рэлаксатэрапіі - сілы аднаўляюць у імператарскім парку побач з забароненым горадам.

Праз некалькі хвілін трэба зноў спяшацца на рэпетыцыю. Каб не губляць час на размінку, некаторыя артысты пачынаюць набіраць танцавальную форму прама на хаду, як, напрыклад, Первана Мырадава.

 Хай-тэк - гладыятарскай арэнай для "Спартака" стаў будынак Нацыянальнага цэнтра выканальніцкіх мастацтваў Кітая. Узначаліў творчы паход Вялікага сам харэаграфічны стваральнік спектакля  Валянцін Елізар’еў. 

Штурмам браць тэатральную жамчужыну прыходзіцца і камандзе "Галоўнага эфіру" - далёка не ўсе зоны тут журналіст-фрэндлі, а таму працаваць давялося ў рэжыме схаванай камеры.

Прайсці за кулісы атрымліваецца толькі  ў натоўпе артыстаў - для ўзнаўлення маштабнай пастаноўкі ў Паднябесную прыехалі амаль 60 чалавек творчай і тэхнічнай каманды. Пакуль частка каманды прайграе самыя складаныя эпізоды пастаноўкі, прыма Вялікага Ірына Яромкіна рыхтуецца да актыўнага адпачынку. Пасля сольнай партыі ў спектаклі адкрыцця аднаўляць сілы будзе ў больш энергазберагальнай ролі - адной з рымскіх нявольніц. 

Каларыйнасць жа "адной галоўнай" партыі нам ужо раскрывае Ягор Азаркевіч. Адразу становіцца зразумела, які "Спартак" насамрэч чэмпіён. Сысціся ў танцавальнай баталіі з рымскім палкаводцам Красам перад сотнямі кітайскіх гледачоў нават непераможнаму балетнаму гладыятару хвалююча. Акрыляе поспех іншай пастаноўкі - сюды ж два гады таму наша каманда прывозіла "Лебядзінае возера", якое тады разлілося ў моры авацый.

Першы жа акт гісторыі аб паўстанні Спартака абудзіў бунтарскі дух і ў гледачах - кітайскую традыцыю пакідаць залу без апладысментаў так ніхто захаваць і не здолеў. Нават падчас невялікага перапынку - тактычны разбор наступнай танцавальнай сцэны.

Пры гэтым змяняе свой выгляд і "Спартак" - новыя рысы эпічнага героя дамалёўваюць самі гледачы дзясяткаў краін свету, дзе чарговымі творчымі перамогамі заканчвалася сага пра барацьбіта за волю, які здабыў яе ў танцы.

Фінальная партыя завершана і больш закулісных інтрыг для нашага рэпартажу не застаецца. Узнімаем заслону і ўсё дзеянне пераходзіць на сцэну. Так каманда Вялікага на час развіталася з кітайскім гледачом. Амаль у тое ж імгненне стала вядома - нашы артысты рыхтуюцца да больш маштабнай творчай кампаніі.