Сучасны цэнтр кітайскай культуры і пісьменнасці з'явіўся ў Мінску

8 сентября 2017

Інтэрактыўныя дошкі, камп’ютары, музей гісторыі Паднябеснай - новыя веды аб Кітаі можна атрымаць на базе 12-й сталічнай гімназіі. На заняткі запрашаюць не толькі школьнікаў. Лінгвістычныя вечары будуць і для бацькоў. Свае сілы ў вывучэнні кітайскай мовы паспрабаваў і Ян Пашкевіч.

Вывучаць не толькі сучасныя міфы аб Кітаі, але і старажытныя ў гэтым месцы будзе дапамагаць усё, што навокал. Настаўнік кітайскай мовы Юрый Зімін жартуе, што такімі тэмпамі не лішнім будзе яшчэ асвоіць прафесію праграміста. Нават замест класнай дошкі на сцяне двухметровы iPad.

Высокаінтэлектуальныя IT-настаўнікі ў цэнтры кітайскай культуры і пісьменнасці 12-й сталічнай гімназіі – падарунак ад пасольства Кітая ў Беларусі. Тут жа размясціўся і музей усходніх артэфактаў.

Кітайская мова ў гэтай гімназіі трэцяя родная. Першы выпуск вучняў-кітаязнаўцаў скончыў навучанне летась, двое з іх нават трапілі ў кітайскія ВНУ. Новае ж пакаленне выпускнікоў не адстае – сёлета ўпершыню далучыліся да міжнароднага лагера ў Пекіне.

Першы занятак у новым цэнтры наведалі і адны з асноўных аўтараў ідэі яго стварэння – Міністр адукацыі Беларусі Ігар Карпенка і прадстаўнікі пасольства Кітая ў Беларусі. Часовы павераны ў справах кітайскага пасольства Ло Чжаньхой нават прыняў у першакласнікаў экзамен па кітайскай мове.

Акрамя таго, кітайскія кампаніі будуць дапамагаць абнаўляць адукацыйны працэс у школах вобласці. Адзін з праектаў – поўны перавод школы ў электронны фармат.

Кітайская мова паступова становіцца сваёй і ў розных гарадах Мінскай вобласці. Урокі мовы Паднябеснай ладзяць у школах Маладзечна, Валожына, а з гэтага года і ў Смалявічах.