Сотні археалагічных артэфактаў выяўленыя сёння на месцы старажытнага Мінска. Знаходкі выяўленыя падчас будаўнічых прац на ўзвядзенні новага аб'екта. Паводле заканадаўства нашай краіны, усе земляныя працы павінны суправаджацца выратавальнымі археалагічнымі раскопкамі. Вуліца Вызвалення - гэта ўскраіна горада часоў Сярэднявечча. 17-18 стагоддзі - у культурным пласце гэтага перыяду знойдзена вялікая колькасць прадметаў. Частка знаходак адносіцца да 19 стагоддзя. Фактычна - гэта побыт старажытных мінчан. Будаўнічыя працы на час прыпыненыя.
Сяргей Дзярновіч, навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі: "Выяўлены комплекс жылля, які ўмоўна можна звязаць з кузняй або жыллём каваля. Знойдзеная вялізная колькасць конскіх падкоў - лік ідзе на дзясяткі, а таксама прадметы, звязаныя з побытам людзей таго часу".
Усе знаходкі перавязуць у Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі для іх вывучэння, устанаўлення больш дакладнай даціроўкі і прызначэння. Пасля гэтага артэфакты стануць даступныя грамадскасці. Частку перададуць у музей гісторыі Мінска, некаторыя застануцца на захоўванні ў музеі Інстытута гісторыі НАН Беларусі.













