Саракі ў Вілейцы. Як сустракалі вясну па старажытных традыцыях?

9 апреля 2020
Саракі ў Вілейцы. Як сустракалі вясну па старажытных традыцыях?

Вясну па старажытных традыцыях сустракалі ў Вілейцы. З песнямі пад акардэон, з салодкай выпечкай і гуляннямі. Кожная гаспадыня гатавала прысмакі з "сакрэтам" - з пажаданнямі дабрабыту, дастатку і хутчэйшага шлюбу  для маладых. 

У народзе свята называюць Саракі. Юлія Токар адправілася ў Вілейку і гатова падзяліцца мясцовым каларытам.

Ва ўтульнай хаце, у шумнай кампаніі  гукаюць вясну! Гаспадыні ў нацыянальных касцюмах: прыгожых кашулях з арнаментам і ў стракатых хустках, якія пераліваюцца залацістым узорам. Запалу ўсім дадаюць сонечныя прамяні.

Гуканне вясны - гэта найперш звонкія песні-вяснянкі і векавыя абрады. На вілейскай зямлі традыцыі мінулых стагоддзяў і сёння ўражваюць сваёй энергетыкай і адметнасцю. Вось так, напрыклад, з дапамогай малінавага клубка нітак заклікаюць зямлю хутчэй прагрэцца, каб пладовыя сады пачалі квітнець і птушкі вярнуліся з выраю. 

Цікава, што падчас свята літаральна ва ўсім прасочваецца сімвалічная лічба сорак. Невыпадкова гуканне вясны ў народзе яшчэ здаўна называлі Саракі. Раней свята адзначалі напярэдадні Вялікага 40-дзённага посту. 

Надзея Аўдзей, кіраўнік народнай студыі вілейскіх народных абрадаў і традыцый "Краявід": "Саракі заўжды атаясамліваліся ў нашага народа з лічбай сорак. 40 пакутнікаў севайсційскіх, бо гэта старадаўняя традыцыя, якая прыходзіць к нам з-за мора. Лічба сорак - гэта лічба птушачак, якіях мы клічам да сябе. Гэта вясна, гэта абуджэнне першых дрэў,  гэта залёнае лісце на бярозе".

Цікава, што на свята выраблялі не толькі жавароначкаў з салёнага цеста. Для дзяцей, напрыклад, такіх папяровых птушак. А кожная гаспадыня павінна была ў сваёй хаце  зрабіць вось такое абрадавае печыва. У кожнай булачцы знаходзіўся сакрэт.

Месца свята, дзе гукаюць вясну,  відаць і чуваць здалёк. Хату заўсёды ўпрыгожвае нацыянальная птушка – бусел. Дрэвы “пераапранаюцца” ў стракатыя стужкі, нібы ўжо цвітуць, а карагоды водзяць да позняга вечара, каб вясна ведала: тут яе заклікаюць і чакаюць.