Саламяныя калекцыі для міжнародных фестываляў

27 мая 2015

Саламяныя вазы, капелюшы і касцюмы. У Клецкай народнай студыі юныя мастакі ствараюць калекцыі для міжнародных фестываляў. Пляценні прамое, аб’ёмнае і нават спіральнае - выкарыстоўваюць самыя розныя віды. Аздабляюць мадэлі атласнымі стракатымі стужкамі. Саламянае мастацтва - гэта гадзіны скурпулёзнай працы.

Пра сакрэты матэрыялу ў рэпартажы Юліі Токар.

У гэтай студыі доўгачаканых гасцей сустракаюць не хлебам-соллю, а ў сукенках з саломы. Вось гэты касцюм рыхтавалі амаль год. Толькі на какошнік спатрэбілася 20 метраў матэрыялу. Упрыгожвае ўбор асноўны элемент - “зубатка” з блакітнай стужкай.

Клецкая народная майстэрня па саломапляценні багатая на ўмельцаў. Юныя мастачкі з натуральнага матэрыялу ствараюць як дэкаратыўныя ўпрыгажэнні (вазы, сумачкі, капелюшы), так і касцюмы на модныя паказы. Студыя існуе ўжо адзінаццаць гадоў, за гэты час паспела прадэманстраваць беларускае майстэрства на міжнародных пляцоўках.

Спіральнае, плоскае, прамое і аб’ёмнае - адрозніваюць чатыры асноўныя віды пляцення. Напрыклад, для вырабу сукенкі выкарыстоўваюць спіральнае. Але перш чым пачаць работу, неабходна матэрыял падрыхтаваць. Салому прасушваюць, чысцяць і замочваюць у гарачай вадзе. І толькі пасля гэтага яна становіцца пластычнай і прыдатнай для пляцення.

Трынаццацігадовая Ліяна Бандарык пяць гадоў займаецца саламяным мастацтвам. З усіх элементаў ёй падабаецца плесці ланцужок. Нават сваю новую калекцыю дзяўчынка аздобіла менавіта гэтым пляценнем.

Для сапраўдных майстроў салома становіцца жывым матэрыялам, таму адарвацца ад такога працаёмкага, але ж не менш займальнага занятку амаль немагчыма.