Сонца Грузіі заваявала Еўропу

21 ноября 2016

На Мальце прайшло галоўнае музычнае шоу кантынента для юных артыстаў. Трыумфатарам дзіцячага "Еўрабачання" стала 10-гадовая Марыям Мамадашвілі. А прадстаўнік Беларусі Аляксандр Мінёнак апынуўся толькі на 7-м месцы ў выніковай табліцы. Усе падрабязнасці з Мальты ў Ніны Мажэйкі.

За дзве гадзіны да пачатку трансляцыі канкурсанты былі ў "Міжземнаморскім канферэнц-цэнтры". І літаральна губляліся ў моры з людзей: канкурэнтаў, журналістаў. Камеры бязлітасна ўрываліся ў асабістую прастору. Медыйныя персоны, хоць і зусім юныя, пакорліва трывалі і наладжваліся на выступленне перад еўрапейскай аўдыторыяй.

А ў зале збіралася публіка. Уваход - строга па білетах. Для гледачоў жывога канцэрта сёлета толькі 950 сядзенняў і яшчэ 280 месцаў на танцпляцы. Пасля кароткага перформансу кожнай з краін удзельнікі з хваляваннем чакалі свайго выхаду. Гэтым разам на бэкстэйдж артыстаў паклікалі за 4 нумары.

Нягледзячы на тое што ўвесь еўратыдзень наша каманда была ў безумоўных фаварытах, пазіцыі ўтрымаць не ўдалося. Вынік - 177 балаў і 7-е месца.

"Еўрабачанне" - конкурс тэлевізійны, таму і сачыць за выступленнямі канкурсантаў трэба праз экран. І хоць эмоцыі артыстам праз тэлевізар не перадаюцца, калектыўны прагляд згуртаваў усе дэлегацыі. За статуэтку з мальтыйскага шкла трэба пахварэць.

Галасаванне гэтага года прайшло без тэлегледачоў. Лёс канкурсантаў вырашалі адразу тры журы: прафесіяналы ад кожнай з краін, эксперты ў студыі і дзеці. Іх меркаванне апынулася вырашальным.

Галоўны трафей - спіралепадобную статуэтку - уручыла пераможца мінулага года. А цяперашняя - паменшаная копія Эдыт Піяф, дыснееўская прынцэса, менавіта так яе ахрысцілі журналісты - на сцэне прызнаецца, што калі даведалася, што перамагла, ад хвалявання забыла словы ўласнай песні.

Марыям Мамадашвілі, пераможца дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2016": "Мая самая вялікая мара ажыццявілася. Я стаю тут, на гэтай сцэне, і не магу паверыць. Эмоцыі мяне перапаўняюць, як і падчас выступлення. Я вельмі імкнулася распавесці пра тое, што мы ўсе вельмі блізкія - у нас адно агульнае сонца".

Ушаноўванне пераможца прайшло на лірычнай ноце. Дзеці плакалі, стоячы пад вадаспадам з канфеці. Абдымаліся і зноў плакалі. Упершыню далі волю пачуццям.