Скарбы Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі

31 июля 2015

У адной экспазіцыі прапанавана больш за дзве тысячы рарытэтаў з 20 музейных калекцый. Упершыню ў поўным аб'ёме можна ўбачыць слуцкія паясы. Прапаноўваюць і літаграфіі па малюнках Напалеона Орды з выглядамі нашых зямель. Больш падрабязна - Алена Борматава.

Карта 1780 года выстаўляецца ўпершыню. На ёй маршрут Імператрыцы Кацярыны другой. Пасля першага раздзелу Рэчы Паспалітай – у 1772 годзе яна падарожнічала па землях, якія трапілі пад юрысдыкцыю Расійскай імперыі.

Самы вялікі музейны збор Беларусі - 50 калекцый і 450 тысяч адзінак захоўвання. Многія з рарытэтаў за 96 гадоў існавання музея так ніколі і не выстаўляліся. Зараз ладзіцца, бадай, самая вялікая прэзентацыя музейных рэліквій.

"79 прыступак углыб гісторыі" – так Нацыянальны гістарычны назваў экспазіцыю сваіх рарытэтаў. Адразу ўзнікае пытанне – што азначае лічба 79. Прадметаў выстаўлена крыху больш за 2 тысячы з 20 калекцый. Аказваецца, усё вельмі проста – менавіта 79 прыступак вядзе наведвальніка да выставы.

Некаторыя з прадметаў выставы можна было ўбачыць і ў пастаяннай экспазіцыі, як знакаміты Пояс Вітаўта, які ўсяго некалькі дзён таму вярнуўся з экспанавання ў Літве, і Мінскі скарб. Яго выставяць цалкам. Выстаўлялі раней і слуцкія паясы - зараз прэзентуюць усю калекцыю – 7 паясоў. Слуцкіх і па тыпу слуцкіх, вырабленых у Польшчы на мануфактурах Варшавы і Кракава.

Люстэрка работы ювеліра імператарскага Эрмітажа – Карла Фабержэ. Так, ён вырабляў не толькі велікодныя яйкі з каштоўных металаў і камянёў. Пад маркай Фабержэ выпускаўся вялізны асартымент прадукцыі. Якім чынам гэта люстэрка трапіла ў беларускія фонды – невядома. Аднак у прадмета свая легендарная гісторыя – жанчына, якая глядзіцца ў яго, адразу маладзее.

Спецыяльна для выставы музейшчыки фарбавалі сцены у, скажам прама, смелыя колеры. Да таго ж, кожны экспанат пад трохузроуневай сістэмай аховы. На вітрынах проціўдарнае шкло. Падчас прэзентацыі рэліквій некатоыя каштоўнасці будуць мяняцца. Таксама плануецца прэзентацыя асобных прадметаў, якія ўяўляюць сабой сапраўды пласт гісторыі Беларусі.