Падзеі Старога Запавету ў ілюстрацыях Марка Шагала прапанавалі ўвазе наведвальнікаў у адной са сталічных арт-лакацый

21 мая 2019

Аўтарскія літаграфіі ў суправаджэнні… біблейскіх тэкстаў. Падзеі Старога Запавету ў ілюстрацыях Марка Шагала прапанавалі ўвазе наведвальнікаў сёння ў адной са сталічных арт-лакацый. Гэтая серыя работ, сабраная з прыватных калекцый, дэманструецца ў Беларусі ўпершыню. У экспазіцыі 64 творы, якія не толькі знаёмяць з мастацтвам Шагала, але і з яго ўспрыманнем Свяшчэннага Пісання. Майстар авалодаў тэхнікай літаграфіі спецыяльна дзеля стварэння тыражнай графікі з біблейскімі сюжэтамі, якія пачаў друкаваць у 30-я гады мінулага стагоддзя, а скончыў пасля Другой сусветнай вайны.

У экспазіцыю ўключаныя і 24 работы з серыі "Вокны Іерусаліма", якія з'яўляюцца эскізамі вітражоў для сінагогі пры шпіталі ў Іерусаліме. Дарэчы, падчас экспанавання ў выставачнай прасторы пройдуць лекцыі мастацтвазнаўцаў і сустрэчы са стваральнікамі фільмаў, прысвечаных Марку Шагалу.